Дзяржаўнае тэлебачанне паказала твар ДНРаўца з Пружанаў


МУС налічыў 130 беларусаў, якія ваююць на Данбасе.

Тыдзень таму міліцыя паведаміла пра затрыманне жыхара Пружанскага раёну, меркаванага ўдзельніка баявых дзеянняў на Данбасе. Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» больш падрабязна распавёў пра затрыманага.

Ім стаў 29-гадовы жыхар Пружанаў, меў пазыўны «Тарас», ваяваў на баку ДНР больш за год, быў гранатамётчыкам. Сцвярджае, што забіў каля 100 чалавек. Атрымаў узнагароды ад «ДНР» і «Наваросіі» «За баявыя заслугі», «За мужнасць і адважнасць».

На відэазапісах, якія міліцыянты канфіскавалі ў «Тараса», бачна, як разам з паплечнікамі прыхільнік сепаратыстаў з Пружанаў абмяркоўвае крупнакаліберны кулямёт «Уцёс».

Меркавана сам жа «Тарас» і кажа з-за кадру: «Гэта наш заробак, гэта наш хлеб».

Паводле дадзеных МУС, у баявых дзеяннях ва Украіне ўдзельнічаюць каля 130 беларускіх грамадзянаў, адзначаецца ў сюжэце «Беларусь 1».

А таксама падаецца каментар прадстаўніка МУС, які распавядае пра беларуса, якога 24 снежня мінулага года забілі пад Камінтэрнава (Данецкая вобл.). Гэта быў мянчук 1987 года нараджэння, у пачатку студзеня яго крэміравалі ў Менску.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў