Дзякуй табе, Незалежнасць. Як Беларусь змяняецца без выбараў


На выходных Аляксандр Лукашэнка пойдзе на пяты тэрмін. Добры кавалак нашай эканомікі – як абсталяванне МАЗу – працуе па савецкай звычцы і хутка адыдзе ў нябыт. У значнай часткі апазіцыі ў галовах калі не 90-ыя, то прынамсі двухтысячныя. Але ці сапраўды Беларусь не змяняецца? – Піша Рыгор Астапеня.

Мітынг працоўных, 1991 год, фота Сяргея Брушко
Мітынг працоўных, 1991 год, фота Сяргея Брушко

Нашыя беды супалі з галоўным шчасцем – уласнай Незалежнасцю, якая змушае да зменаў і дае дастаткова прычынаў для аптымізму. І нагодаў, каб цешыцца за апошнія пару гадоў стала куды болей.

Краіна зменаў?

Нягледзячы на ўсе праблемы, ідэнтычнасць беларусаў узмацняецца. Андрэй Казакевіч, хіба найбольшы аўтарытэт у беларускай акадэмічнай сферы, на Кангрэсе беларускіх даследаванняў заявіў, што «за тыя прабеларускія гістарычныя даследаванні, за якія 10-15 гадоў таму маглі звольніць, цяпер улады даюць прэміі». Беларуская мова дэпалітызавалася і ажывае ў рэкламе, а спартова-моўны фестываль «МоваCUP» наагул праходзіў пры дзяржаўнай падтрымцы. Савецкасці становіцца менш, а помнікаў, як Альгерду ці Тарасу на Парнасе, болей.


Шараговыя беларусы адрозніваюць інтарэсы сваёй краіны ад інтарэсаў Расеі. Нават у тых, хто мае ў галовах «крымнаш», хочуць, каб Беларусь заставалася нейтральнай у расейска-украінскім канфлікце.

У эканоміцы адбываецца нешта падобнае на рэформы. Эканамічныя ўлады зменшылі штомесячную інфляцыю да 0,2 %, вельмі саліднага паказніка паводле сусветных стандартаў і нарэшце перасталі рукамі выстаўляць курс рубля. Урад з Нацбанкам не друкуе грошы пад выбарчыя абяцанкі, якіх улады нават не робяць, хоць на двары і выбары.

Ды і самыя эліты, хоць і пераважна з эканамічнай сферы, перастаюць выглядаць як дамы з зачосамі і джэнтльмены ў неахайных строях.

Ва ўрадзе на высокай пасадзе з’яўвіўся выпускнік Лонданскай бізнес-школы Мацюшэўскі. Замест непрабіваемага сацыяліста Ткачова пасаду памочніка прэзідэнта па эканамічных пытанняў займае Руды, прасоўвальнік ліберальных рэформаў. На месца Ермаковай у Нацбанк прыйшоў Калаур, да якога прыязна ставяцца ледзь не ўсе незалежныя эканамісты.

Павел Латушка часам гучыць як адраджэнец з 90-ых, але застаецца часткаю рэжыму. Адначасова з рэжыму былі адстаўленыя некалькі персонаў са слабой беларускай ідэнтычнасцю. Найлепшы прыклад – Леў Крыштаповіч, крытык праграмы Латушкі «Замкі Беларусі» і аўтар некалькіх кнігаў з назвамі а-ля «Беларусь як руская святыня».

Нават у беларускім войску прасвятленне. Развіццё беспілотнікаў і мабільных груп, якія, па словах Лукашэнкі «павінны мець магчымасць за паўночы быць перакінутымі з Берасця ў Віцебск нанесці ўдар праціўніку», паказвае, што ўлады вучаць урокі Украіны.

Інерцыя Незалежнасці

Натуральна, што гэтыя змены недастатковыя – хацелася б разлічваць на большае, але сёння паўстаюць перадумовы, каб мы маглі стаць нармальнай краінай у будучыні. У блізкай перспектыве нас не чакае нічога прыемнага: Лукашэнка, крызіс, апазіцыя. Але важна, што змены адбываюцца ледзь не штодня. І пытанне ў тым, наколькі беларускія палітыкі хочуць карыстацца гэтымі шанцамі.


Пакуль жа Лукашэнка і яго набліжаныя з аднаго боку і апазіцыя з другога застаюцца найбольш зацвярдзелымі кавалкамі Беларусі. Прапаганда ўладаў на час выбараў вярнулася да 90-ых, адкуль пераказвае грамадству пра свае поспехі, як кіраўнік краіны «адвёў народ ад прорвы» у 1994-ым. Апазіцыя ж, апроч гэтай кампаніі, звычайна казала тыя самыя рэчы і звярталася да той самай аўдыторыі і атрымлівала той самы вынік.

Але шмат што змяняецца і без палітыкаў. Галоўная прычына – у інерцыі незалежнасці.

Несупадзенне беларускіх інтарэсаў з геапалітычнымі авантурамі Крамля будзе вымушаць эліты падтрымліваць сваю ідэнтычнасць і шукаць шляхі паразумення з Захадам. Нашыя эканамічныя праблемы, ды і расейскія, вымусяць рэжым адставіць усіх айчынных марксістаў, рэфармаваць беларускую эканоміку і будаваць супрацу са светам.

Калі Беларусь застанецца незалежнай, то інерцыя зробіць нас нармальнай краінай, вымусіць стаць дарослымі. Аднойчы і ў палітычным полі з’явіцца куды больш адэкватных людзей. Але пакуль Беларусь змяняецца і без выбараў. Дзякуй табе, Незалежнасць.

Рыгор Астапеня для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары