Зміцер Паліенка правядзе ў калоніі паўтары гады і 13 дзён. Відэа


З улікам часу, праведзенага летась пад вартай да суда, тэрмін зняволення актывіста складзе паўтары гады і 13 дзён. Гэтае судовае рашэнне абскарджанню не падлягае. 

Суд Заводскага раёну разгледзеў справу аб адмене адтэрміноўкі крымінальнага пакарання Змітру Паліенку. Працэс вяла суддзя Алена Капцэвіч. Актывіст будзе адбываць тэрмін у калоніі.

Хто такі Зміцер Паліенка

Зміцер Паліенка нарадзіўся 26 мая 1994 года. З 15-ці гадоў – актывіст беларускага аддзялення Нацыянал-бальшавісцкай партыі, удзельнічаў у іх акцыях, за што неаднаразова сядзеў на сутках. У 2014-м выйшаў з НБП і далучыўся да анархістаў.

29 красавіка 2016 года падчас велапрабегу «Крытычная маса» паміж Змітром Паліенкам і супрацоўнікамі ДАІ адбыўся інцыдэнт, пачатак якога бачны на гэтым відэа.

Пасля прыехаў АМОН і жорстка затрымаў раварыстаў.

Супраць Змітра Паліенкі распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364 (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). У жніўні мінулага году ў сацыяльнай сетцы Змітра праваахоўнікі знайшлі відэа трохгадовай даўніны, і абвінавацілі яго таксама паводле часткі 2 артыкулу 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Праваабарончы цэнтр «Вясна» палічыў захады пераследу хлопца непрапарцыйнымі ўчыненаму правапарушэнню.

12 кастрычніка 2016 года суддзя Валеры Есьман з суду Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Змітра Паліенку вінаватым паводле двух артыкулаў і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Сёлета 10 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менска прысудзіў Паліенку да сямі содняў арышту за «дробнае хуліганства» за тое, што ён у Доме правасуддзя выказаў абурэнне прысудам паводле «справы антыфашыстаў».

20 сакавіка Змітра затрымалі каля ізалятару на Акрэсціна, куды ён прынес перадачу для арыштантаў. Суд Заводскага раёну Менску пакараў яго 15 соднямі за мірную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ў Курапатах. У дзень сканчэння тэрміну арышту, які Паліенка адбываў у жодзінскім ізалятары, ён на свабоду не выйшаў. Былыя сукамернікі паведамілі, што актывісту «дадалі» яшчэ 10 сутак арышту, але за што – не вядома.

Паводле беларускага заканадаўства, умоўны тэрмін можа быць заменены на рэальны пры сыстэматычным парушэнні правапарадку. Трох адміністратыўных справаў цягам апошняга часу стала дастаткова, каб палічыць Змітра сістэматычным парушальнікам.

Суд адбыўся, пакараныя ёсць

Зміцер Паліенка стаўся госцем студыі Алеся Залеўскага пасля 10 дзён ад вызвалення з СІЗА на Валадарскага ў Менску і турмы ў Жодзіна. Паўгады маладзён правёў за кратамі.

«Мяне вызвалілі толькі таму, что Лукашэнкі не патрэбны новыя санкцыі», – сказаў у праграме Людскія справы 22-гадовы Зміцер Паліенка.

ЮВ, ДД, belsat.eu

Стужка навінаў