Дзіва-ДТЗ: як аўтамабіль праехаў скрозь дрэвы?


Афіцыйная экспертыза, паводле якой асудзілі аднаго з удзельнікаў аварыі ў Смалявіцкім раёне, абвяргае законы фізікі.

У верасні 2014-га года на дарозе Р53 (Слабада-Навасады) сутыкнуліся два аўтамабілі. «Mitsubishi Galant» вылецеў у кювет і перакуліўся, што прывяло да гібелі аднаго з двух пасажыраў. Аўтамабіль «Ford Puma», у якім знаходзіўся толькі кіроўца, з пашкоджаннямі левай пярэдняй часткі аўта ўтрымаўся на дарозе.

Вінаватым у дарожна-транспартным здарэнні следчыя прызналі кіроўцу «Mitsubishi» Васіля Чыстага, які нібыта парушыў правілы дарожнага руху. Суд пакараў яго чатырма гадамі так званай хіміі, абапіраючыся на аргументы следчых. Аднак гэтыя аргументы абвяргае незалежная экспертыза.

Легкавіку «намалявалі» падвойныя колы

Паводле пратаколу, на месцы аварыі вынайшлі сляды абʼёмных парных колаў (як на фота ніжэй). Гэтыя сляды юза прыпісалі аўтамабілю “Mitsubishi Galant”, хоць гэты легкавік не мае і не можа мець парных колаў. Гэта азначае што на зробленую следчымі схему месца ДТЗ трапілі старыя, недатычныя да гэтай аварыі сляды.



Прыклад падвойных колаў

Таксама адлегласць паміж слядамі гэтых колаў не адпавядае канструкцыі аўтамабіля «Mitsubishi Galant». У пратаколе гаворыцца пра адлегласць каля 8 метраў, тым часам паміж коламі «Mitsubishi Galant» па дыяганалі – 3,2 метры, паміж парамі колаў – 1,5 метры.



Адлегласць паміж коламі Mitsubishi Galant

Як аўта праехала скрозь дрэвы?

Калі дзяржаўныя эксперты не заўважылі супярэчнасцяў у папярэдніх фактах, але як маглі не пабачыць… што паміж непамерна шырокай і глыбокай каляінаю слядоў раслі і дагэтуль растуць 2 непашкоджаныя дрэвы! (дрэва6 і дрэва7 з малюнку ніжэй).



схема дрэваў на месцы ДТЗ

Усе гэтыя хібы ў матэрыялах справы і на месцы здарэння знайшоў і прааналізаваў аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі. З іроніяй ён падсумоўвае, што калі б выяўленыя спецыялістамі сляды ўсё ж належалі транспартнаму сродку Васіля Чыстага, то механізм яго руху пасля ДТЗ меўся б выглядаць наступным чынам:

«Пасля ДТЗ, але перад зʼездам на бакавіну і затым у кювет аўтамабіль Міцубісі Галант падзяліўся на дзве часткі ўздоўж падоўжнай восі, пасля чаго кожная частка аўта рухалася ў кювет самастойна, пакідаючы сляды, пачатак якіх месціцца на адлегласці 6,7 метра адзін ад аднаго. Пад час далейшага руху абедзве часткі аўтамабілю абʼязджаюць дрэвы з розных бакоў, пасля чаго зноў злучаюцца. Далей ужо цэлы аўтамабіль разварочваецца ў адваротны кірунак і, абʼехаўшы дрэвы, спыняецца з левага боку ад сваіх слядоў».

З тэхнічнага пункту гледжання і з пункту гледжання здаровага сэнсу такі сцэнар руху аўта пасля здарэння «Mitsubishi» і «Ford» – немагчымы.

У матэрыялах справы таксама ёсць фота, з якіх вынікае, што пасля ДТЗ аўтамабіль Васіля Чыстага знаходзіцца ля адзінага ў тым шэрагу дрэва з раздвоеным ствалом. На малюнку ніжэй гэта дрэва №10 – высветліў сам абвінавачаны, калі наведаў месца здарэння разам з адвакатам.



Схема дрэваў на месцы ДТЗ

А на дрэве №9 дагэтуль захаваліся сляды фарбы ягонага аўтамабіля. Гэта азначае, што ў месцы знаходжання аўта пасля аварыі следчыя памыліліся на 17 метраў.



Сляды фарбы Mitsubishi Galant на месцы ДТЗ

«Не разумею, як такое магло стацца. Калі рабілася афіцыйная экспертыза, мяне не запрасілі на месца аварыі. Не наведалі ў шпіталі, не правялі допыту. Яны самі напісалі заключэнне, самі яго зацвердзілі ды завялі крымінальную справу», – распавядае Чысты.

З гэтых ды шэрагу іншых нестыковак аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі сцвярджае, што пазначаныя на месцы здарэння сляды і акалічнасці не адпавядаюць акалічнасцям здарэння ў матэрыялах справы, а агляд месца здарэння не быў праведзены належным чынам. Калі так, то гэтая справа цалкам можа ўкладацца ў артыкул «Службовая нядбайнасць» Крымінальнага Кодэксу Беларусі, і аўтары памылак следства маюць адказаць перад судом.

«У судзе абараніцца не даў рады»

Ці адмыслоўцы абы як працавалі на месцы здарэння, ці справу фабрыкавалі на карысць кіроўцы “Ford Puma” Уладзімера Вострыкава, Васіль Чысты адказу ня ведае: «Гэтае здарэнне было страшэнным стрэсам. У правільнасці дзяржаўнай экспертызы адразу сумняваўся, але ў судзе абараніцца не даў рады. Незалежнае расследаванне правялі ўжо пасля судовага паседжання. Даслалі вынікі ў Пракуратуру чакалі разбіральніцтва і перагляду справы. Адказ я атрымаў неспадзяваны, што сілы ніякай нашая незалежная экспертыза не мае, бо я нібыта прызнаў віну».

На папраўчых працах Васіль Чысты адбыў роўна год і марнаваць яшчэ тры ня хоча, ужо дасканала ведаючы, што з ім на гэтай дарозе абышліся супраць усялякіх правілаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў