Дзіця ў магіле, а Мінздароўя хоча пяшчоты

Міністэрства аховы здароўя маўчала ўвесь дзень пасля публікацыі расследавання пра карэйскую вакцыну. Ажно разрадзілася… не, не тлумачэннямі. А заяваю ў Генпракуратуру.

Няцяжка здагадацца, што гэткія целарухі выклікалі матэрыялы «Ежедневника» – маштабнае расследаванне адназначна ўказвае на магчымую карупцыю ў ведамстве. Прычым ахвярамі карупцыйнай схемы або нядбайнасці становіцца не толькі бюджэт краіны, але і дзеці.

«Фармат падачы інфармацыі і грубае выкладанне фактаў у артыкулах, апублікаваным на адным з інтэрнэт-рэсурсаў […] могуць нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя», – паведамляе сайт Міністэрства.

Журналісты «груба выклалі факты». А вы што – пяшчоты чакаеце? Загінула дзіця. Ёсць сур’ёзныя падазрэнні што да легальнасці і бяспекі выкарыстанай вакцыны. Але чыноўнікі не абвяргаюць, не прыводзяць факты, не публікуюць дакументацыю. Яны падаюць заяву ў Генпракуратуру. Бо інакш не ўмеюць.

Дзеянні Мінаховы здароўя значна больш пагражаюць нацыянальнай бяспецы, чымся два артыкулы ў «Ежедневнике». Медыкі назіраюць рост папулярнасці антыпрышчэпкавых тэорый. З Міністэрства спускаюцца разнарадкі па колькасці прышчэпак ажно да ўчастковых педыятраў. Але бацькоў не адукоўваюць, не тлумачаць. Бацькам «выкручваюць рукі», пагражаюць, урэшце медыкі іх слёзна просяць зрабіць прышчэпку, бо інакш лекар застанецца без прэміі са сваім і без таго сціплым заробкам. Ці не гэта – дзеянні Міністэрства на шкоду нацыянальнай бяспецы?

Дзіця памірае пасля прышчэпкі. Анафілактычны шок можа здарыцца, гэта вельмі рэдка – але бывае. Не трэба тут маляваць вобразаў «лекараў-забойцаў».

Але гэта трагедыя, катастрофа для сямʼі. Яе немагчыма направіць, кампенсаваць нічым. Рэдактар наіўна просіць журналіста распытаць родных – ці яны атрымалі дапамогу? Прабачэнні? Кампенсацыю? Прапанову псіхалагічнай дапамогі? Ад адказаў валасы стаюць дыбам:

«Калі ўсё здарылася, то галоўны лекар раённага шпіталю нават не прыехаў з Ганцачавічаў, не пацікавіўся. Ёсць адчуванне, што справа замінаецца, замоўчваецца. Дарэчы, ніхто з медработнікаў не прыйшоў на пахаванне 15 жніўня: ні патранажная сястра, ні лекар. Проста прывезлі дзіця ў нейкай кардоннай скрыні».

А Міністэрства аховы здароўя хоча пры гэтым пяшчоты – бачце, журналісты «груба» выклалі факты.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў