Дзіця трапіла ў вальер з гарылаю, якую давялося застрэліць. Правяраюць віну бацькоў


Амерыканская паліцыя спраўджвае, ці бацькі не вінаватыя ў тым, што 4-гадовы хлопчык трапіў у вальер да гарылы.

У заапарку гораду Сінсінэці (Cincinnati) ў ЗША ў канцы траўня прыстрэлілі гарылу на імя Гарамбэ (Harambe): гэта давялося зрабіць, каб малпа не пакалечыла чатырохгадовага дзіцяці, якое прабралася да яе ў вальер. Забойства Гарамбэ выклікала бурную дыскусію пра тое, хто вінаваты ў тым, што адбылося: бацькі дзіцяці, працаўнікі заапарку ці заапаркі ў цэлым?

Пасля здарэння дзіця з невялікімі траўмамі адвезлі ў больніцу, але ў той жа дзень выпісалі.

Навіна пра забойства жывёлы абурыла шмат каго. У панядзелак каля заапарку сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, якія зладзілі акцыю пратэсту і ўшанавалі памяць Гарамбэ. У «Фэйсбуку» зʼявілася старонка памяці гарылы, на якую ўжо падпісаліся больш за 120 тысяч карыстальнікаў. Шмат людзей публікуюць у інтэрнэце здымкі Гарамбэ з подпісам: «Не ведаю, за што яны мяне забілі. Я даглядала за дзіцём гэтай дамы лепш, чымся яна самая». Іхныя праціўнікі адказваюць: «Калі вас гарыла хвалюе мацней за дзіця, у вас сурʼёзныя праблемы з галавою».

На Change.org ужо зʼявіліся дзве петыцыі, звязаныя са смерцю Гарамбэ. У першай патрабуюць устанавіць адказнасць бацькоў, каб пераканацца, што дзіцяці ўдома нічога не пагражае. Партал Tvn24.pl падае, што правяранне бацькоў паліцыяй ужо пачалося. У другой петыцыі патрабуюць прыняць «закон Гарамбэ», які б прапісваў адказнасць людзей, вінаватых у стварэнні сітуацыяў, якія прыводзяць да гібелі рэдкіх жывёлінаўГарамбэ была прадстаўніком віду, які апынуўся пад пагрозаю знішчэння).

Абаронцы бацькоў даводзяць, што для маці гэта былі самыя страшныя хвіліны ў жыцці, і яна заслугоўвае не вымовы, а спагады.

Ёсць прэтэнзіі да заапарку, бо хлопчык занадта лёгка трапіў у вальер – паводле назіральнікаў, агароджа магла б быць больш надзейнаю. Кіраўнік заапарку Тэйн Майнард (Thane Maynard) на гэта адказаў, што нікому не прыходзіла ў галаву крытыкаваць агароджу цягам 38 гадоў яе існавання – яна спраўна выконвала свае функцыі. Тым не менш, у заапарку правераць ўсе агароджы. Тую частку, у якой змяшчаюцца гарылы, закрыюць на нявызначаны тэрмін.

Забойства гарылы таксама ўздымае пытанне пра заапаркі ў цэлым: наколькі разумна ў XXI стагоддзі трымаць жывёлінаў у няволі ці ледзь не ў кожным буйным горадзе свету? Праваабарончая арганізацыя PETA палічыла гэта недапушчальным ды заклікала бацькоў і дзяцей трымацца далей ад такіх месцаў.

МЯ, паводле meduza.io, tvn24.pl

Стужка навінаў