«Дзіме не далі сысці». Маці вайскоўца, падазраванага ў гандлі зброяй, дапыталі ў СК


Ларыса Кульжык сёння пабывала на допыце ў якасці сведкі ў раённым упраўленні Следчага камітэту ў Кобрыне. Ейнага сына, 24-гадовага кантрактніка 8-й радыётэхнічнай брыгады СПА Дзмітрыя Кульжыка, абвінавачваюць у тым, што ён нібыта выносіў з вайсковай часткі, а потым распрадаваў зброю.

На допыт жанчыну выклікалі пазаўчора па тэлефоне, а афіцыйную позву ўручылі толькі сёння, калі тая прыйшла ў СК.

– Па сутнасці, гэта быў першы паўнавартасны допыт, раней мяне апытвалі толькі ў камендатуры пасля затрымання сына. Следчы пацікавіўся, чаму, калі Дзіма ведаў, што з часткі выносяць зброю, не накіраваў адпаведны рапарт у КДБ? А я кажу: дзе гарантыя, што ён пасля б дайшоў да дому? У справе ж замяшаныя КДБшнікі! У адказ следчы пагадзіўся, маўляў, «ну,так», – распавяла belsat.eu Ларыса.

Паводле словаў жанчыны, убачыць сына ёй дазволілі двойчы, да пераводу ў СІЗА. Цяпер спатканні не дазволеныя – толькі перадачы і лісты.

– У лістах ён супакойвае мяне, але, натуральна, піша не ўсё, бо іх чытаюць. Ні на што не скардзіцца, пра сваю невінаватасць таксама нічога не піша. Але я ж памятаю пра пагрозы…

Нагадаем, раней сваякі Дзмітрыя Кульжыка распавядалі belsat.eu, што незадоўга да затрымання Дзмітрыю паступалі пагрозы, хтосьці пастаянна тэлефанаваў, а сам хлопец паводзіўся дзіўна і нерваваўся.

http://belsat.eu/news/yamu-prygrazili-kab-mauchau-novyya-detali-spravy-kantraktnika-padazravanaga-u-gandli-zbroyaj/

Ларыса ўзгадвае: каля году таму Дзмітрый вырашыў звольніцца з войска.

– На мае пытанне навошта, казаў толькі «Мама, гэтак трэба, ты хутка сама даведаешся». Аднак рапарт аб звальненні яму не падпісалі – цягнулі час, спасылаючыся на тое, што спачатку трэба правесці рэвізію складу. У выніку, нават калі змяніўся камандзір часткі, рэвізію так ніхто і не правёў. Дзіма хацеў сысці, але яму не далі.

Асобна Ларыса гаворыць, што яе абурылі некаторыя публікацыі ў СМІ датычна сына.

– Сёння я запытала ў следчага, як жа падчас следства, калі віна чалавека яшчэ не даведзеная, з’яўляюцца артыкулы ў такім тоне, нібыта ён дакладна вінаваты. І якім чынам журналісты ўвогуле даведаліся пра ўсё? Следчы сказаў, што інфармацыі па баранавіцкай справе на той момант яны нікому (са СМІ, – рэд.) не надавалі.

Дата суду над Кульжыкам пакуль невядомая, ён знаходзіцца Баранавіцкім СІЗА. Як прагназуе адвакат (імя не называем па ягонай просьбе), гэта адбудзецца не раней, чым праз 3 месяцы.

Акрамя Кульжыка, па справе аб гандлі зброяй затрыманыя яшчэ 13 асобаў, у тым ліку супрацоўнік КДБ. Па інфармацыі ад сваякоў, большасць з іх пад вартай у Менску. СК у жніўні заявіў, што ўсю скрадзеную зброю ўдалося знайсці, а затрыманыя даюць прызнальныя паказанні.

***

Дзмітрый Кульжык быў затрыманы сёлета ў чэрвені. Ён служыў у 8-й радыётэхнічнай брыгадзе СПА, у роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння на пасадзе загадчыка складам. Яго падазраюць у тым, што з мінулай восені ён вынес з в/ч 29969 сорак адзінак зброі – аўтаматы, пісталеты Макарава, гранаты, патроны. Падазраваны нібыта проста клаў аўтамат у заплечнік і праходзіў праз КПП. Пры гэтым кантрактніка ніхто не правяраў, хоць склад знаходзіцца на тэрыторыі 61-й авіябазы, важнага аб’екту беларускай арміі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў