Дзікія гісторыі, Або як у Беларусі захоўваюць правы чалавека


У Дзень правоў чалавека беларусаў не віншуюць – нам спачуваюць. «Белсат» згадаў самыя гучныя, трагічныя, а часам – недарэчныя выпадкі парушэння правоў чалавека.

Калі ты грамадзянін краіны, жывеш паводле яе законаў, плаціш падаткі – то маеш права на ўзаемнасць з боку дзяржавы. Можаш цікавіцца, чым займаецца выканаўчая ўлада і ўплываць на яе дзеянні. Лічыш на права быць абароненым і на празрыстасць суда… Замест гэтага беларусы намагаюцца «не звязвацца» з уладаю, праваахоўнікамі ды айчыннаю Фемідай. І, напэўна, слушна.

Маці-адзиночка «напала» на міліцыянта і «збіла» яго!

Фота Уладзіміра Рэпіка

Як у жанчыны могуць забраць дзіця – паказала справа маці-адзіночкі з Бабруйску. 27-гадовая Анастасія Навоева выхоўвала дваіх дзетак, працуючы нават у тры змены на «Белшыне». Мела невялікую запазычанасць за камунальныя паслугі і садок ды сталую праблему – з кім пакінуць дзяцей.

18 красавіка без адпаведнай пастановы суда ці нават Камісіі ў справах няпоўнагадовых, загадчыца аддзялення Бабруйскага дзіцячага шпіталя адмовілася аддаць жанчыне дачку. Маўляў дзяўчынка зноў расхварэлася, але і без таго – маці прыйшла па яе са спазненнем ды пʼяная. Калі распачалася спрэчка, загадчыца Лілія Малькоўская выклікала ўчастковага…

Амаль восем месяцаў Анастасія застаецца ў ізалятары, ейныя дзеці – у прытулку, бо мама адказвае ў судзе паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу – нібыта за збіццё таго ўчастковага – Віктара Тоўсціка.

Чытайце пра гэта: «Пусціце мяне хоць на хвілінку пабачыць дзяцей». У Бабруйску маці-адзіночку судзяць «за збіццё міліцыянта»

Абарона падсуднай цвердзіць адно: парушыў закон медперсанал шпіталя, не аддаючы дзіцёнка матулі. Бо гаворка пра пазбаўленне Анастасіі бацькоўскіх правоў узнікла толькі пасля змяшчэння яе пад варту.

За кашулькі з «Пагоняй» – пагроза адлічэння

Калі б не хваля салідарнасці з кадэтамі, то невядома, чым бы гэтая гісторыя для іх скончылася. Імаверна, фотаздымак у кашульцы з Пагоняю сапраўды стаўся падставаю для адлічэння, а супрацьстаянне паставіла б крыж на будучай вайсковай карʼеры хлопцаў.

«Імем Рэспублікі Беларусь…»

Найважнейшае для чалавека, безумоўна, права на жыццё. Ад імя дзяржавы сёлета ў Беларусі зноў вынеслі смяротны прысуд. 20 лістапада Гарадзенскі суд вырашыў пакараць праз расстрэл жыхара Лідскага раёну Івана Куляша. Яго прызналі вінаватым адразу ў трох жудасных забойствах з ужываннем сякеры, а таксама ў крадзяжы і рабаванні. Ад апошняга слова ён адмовіўся.

Роўна месяц таму ў Дзень супраць смяротнага пакарання ўвесь свет заклікаў Беларусь адмовіцца ад выканання вышэйшай кары. Праваабаронцы прапанавалі дзяржаве азнаёміцца з даследаваннямі, якія даводзяць – кара не ўплывае на змяншэнне колькасці злачынстваў.

«Крымінальныя» графіці і міліцэйскі садызм

Праваабаронцы непакояцца, каб новымі палітвязнямі не сталіся хлопцы-графіцісты. Аператыўнікі гэтак зацята «выкалочвалі» з іх прызнанне – кулакамі, нагамі ды электрашокерам, што зламалі сківіцу аднаму з падазраваных у стварэнні беларускамоўных графіці. Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў, Вадзім Жаромскі і грамадзянін Расеі Павел напісалі «Беларусь мае быць беларускай», «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а сацыяльны білборд з выявамі супрацоўнікаў міліцыі запэцкалі фарбаю.

Супраць маладзёнаў завялі крымінальныя справы паводле артыкулу «хуліганства», што абаронцы лічаць перабольшаннем. Супраць «собраўца», які ледзь не зрабіў Вячаслава Касінерава калекам, справу завялі таксама, але толькі за «нанясенне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў».

Апроч фізічнай жорсткасці, супрацоўнікі парушылі шэраг грамадзянскіх правоў хлопцаў: затрыманне праводзілі ў цывільным, пагражалі, адмовіліся называць імёны, не паказалі дакументаў на вобшук кватэраў. Раней – праслухоўвалі тэлефоны.

Судовы «падатак» за фрыланс

Сёлета рэкордную суму штрафаў заплацілі дзяржаве журналісты-фрылансеры. Больш за € 8 тыс штрафаў спагнанняў у выніку трох дзясяткаў судоў. Артыкул «Парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ». Уладам не падабалася тое, што падрыхтаваныя журналістамі матэрыялы выкарыстоўваюцца ў замежных медыях (тэлеканал “Белсат” лічыцца замежным, бо зарэгістраваны ў Польшчы).

Найбольшую суму давялося сплочваць незалежнаму журналісту з Берасця Алесю Ляўчуку, відэаматэрыяламі якога карыстаецца і наш тэлеканал.

«Абараніцца ў судах было немагчыма, – кажа Алесь, – бо аніякія факты не прымаліся да разгляду. Мяне судзілі тройчы, і агулам я атрымаў $ 1000 штрафаў. Адзін з судоў зладзілі без майго ўдзелу. Але ці была розніца! Выканаўца гэтых незаконных загадаў вядомы – КДБ. А далей ланцуг – міліцыя – суд – судовыя выканаўцы. Ваяваць з журналістамі можа толькі дурная ўлада».

Палітвязні былі, ёсць… Будуць?

У перадвыбарчы час з беларускіх вязніцаў вызвалілі з-за кратаў шэсць палітзняволеных. Аднак у зняволенні застаюцца Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны. Апошняга праваабаронцы прызналі палітвязнем.

Тыя ж, каго вызвалілі перад выбарамі, замест рэабілітацыі ад дзяржавы атрымалі жорсткі нагляд.

«Безумоўна, неймаверная радасць, што палітвязням далі свабоду, – кажа праваабаронца Андрэй Сушко, – Але агульны настрой уздымаецца не надта. Бо мы ведаем што выпусцілі іх у межах палітычнай гульні, каб троху дагадзіць Захаду і пакрасавацца перад прэзідэнцкімі выбарамі. Еўропа на гэта часова прыпыніла дзеянне санкцыяў. Але ў Беларусі кожны момант могуць зʼявіцца новыя палітычныя прысуды».

Выгнанне праваабаронцы

Скарыстаўшыся тым, што кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова не мае беларускага грамадзянства, праваабаронцу выслалі ў Расею без права вяртання на працягу трох гадоў. Афіцыйная прычына – нязначнае перавышэнне хуткасці за стырном аўтамабіля.

Алену абавязалі пакінуць Беларусь, дзе яна пражыла каля 30-ці гадоў, мае сямʼю, нерухомасць і робіць карысную для грамадства працу. Але тое, што карысна для грамадства – часта шкоднае для аўтарытарнай улады.

Што гавораць за мяжою пра правы чалавека ў Беларусі?

 

  • Рада Еўропы: З правамі чалавека ў Беларусі сурʼёзныя праблемы.
  • Freеdom House: У Беларусі найбольш несвабодны Інтэрнэт у Еўропе.
  • ААН: Незалежнасць медыяў у Беларусі немагчымая.
  • Amnesty International: супраць чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі.
  • ПАРЕ: Беларусь пакуль не выконвае забавязальніцтваў у правядзенні дэмакратычных выбараў.
  • Human Rights: Няма сістэмных зменаў, якія сведчаць пра гатовасць палепшыць сітуацыю з правамі чалавека.
  • Дзярждэпартамент ЗША: Судовая сістэма Беларусі цярпіць ад палітычнага ўмяшання і адсутнасці незалежнасці.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў