«Джон Сільвер» з СІЗА: «Я ніколі не хацеў быць палітзняволеным»


Эдуарда Пальчыса, вядомага як «Джон Сільвер», экстрадавалі ў Беларусь з Расеі 1 чэрвеня. На мінулым тыдні стала вядома, што яго перавялі з менскага СІЗА ў СІЗА № 1 г. Жодзіна. Там яго сёння наведала адвакатка Ганна Бахціна.

«Была ў Эдуарда, ён нармальна пачуваецца, жывы і здаровы. Размаўлялі, сказаў, што нармальнае стаўленне супрацоўнікаў следчага ізалятара, нармальныя ўмовы. Ніякіх прэтэнзіяў у яго няма.. Ён прасіў сказаць вялікі дзякуй усім людзям, якія падтрымліваюць яго, і журналістам асабліва за тое, што ёсць падтрыманне», – кажа Бахціна.

«Я ніколі сябе не піярыў, ніколі не хацеў быць палітычным зняволеным і не хачу ім быць. Я ўсяго толькі выкладаю свае погляды і перакананні, звязаныя з небяспекай, якая пагражае з боку Расеі і звязаныя з замахам на цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь», – прыводзіць словы Эдуарда Пальчыса адвакатка.

Бахціна паведаміла, што Пальчыс не прызнае сваю віну.

«Думаю, што гэта аб’ектыўна і мы прыкладзем усе намаганні да таго, каб давесці, што ён мае рацыю. Ён разумны, абаяльны чалавек, які перажывае за інтарэсы сваёй краіны. Годны грамадзянін сваёй краіны», – характарызуе свайго падабароннага адвакатка Ганна Бахціна.

Раней Следчы камітэт паведаміў, што ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласці паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў. За «распаўсюд парнаграфіі» – пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

«Падследны быў адміністратарам сайту www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. Гэта пацвярджаецца вынікамі праведзеных экспертызаў», – паведамілі ў СК.

Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў гарантаваць затрыманаму Эдуарду Пальчысу права на абарону – дапусціць да яго ў Жодзінскае СІЗА адваката.

9 чэрвеня пад сценамі менскага СІЗА № 1 адбыўся пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.

Чытайце таксама >>> Камітэт салідарнасці заклікае прыцягнуць вядомых беларусаў да вызвалення Эдуарда Пальчыса

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў