Джэкі Чан хоча сустрэцца з Лукашэнкам


Яшчэ не прастыў след Стывена Сігала, а Беларусь ужо гатовая сустракаць чарговую галівудскую зорку – Джэкі Чана.

«Відаць, яны даведаліся пра подзвігі Аляксандра Рыгоравіча ў маладосці, калі ён біў морды механізатарам, і вырашылі прыехаць сюды дзеля абмену досведам», – жартуе кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Гэтак ці інакш, але дакладна можна сцвярджаць, што, як і ягоныя папярэднікі Стывэн Сігал і Жэрар Дэпард’ё, Джэкі Чан едзе ў Сінявокую не дзеля турыстычнай прыемнасці. Напрыканцы лістапада ў Менску пройдзе ягонае шоу «Dragon Kong». У планах актора пазначаная і сустрэча з кіраўніком Беларусі.

«Гэта страчаны час для прэзідэнта. Занадта шмат сур’ёзных праблемаў»,

«Хоча здзіўляць народ Аляксандр Рыгоравіч, а рэальнымі справамі не можа. Ён жа ў нас шоўмен,

«Напэўна, гэта не ўласціва лідарам нязорных краінаў, але тут жа – зорка (маецца на ўвазе Лукашэнка, – belsat.eu),

– мяркуюць жыхары Менску.

Акторы і кіраўнік дапамагаюць адзін аднаму

Але акторы-гастралёры ўсё ж больш зорныя, бо граюць так шчыра, што толькі пасля іхнага ад’езду становіцца зразумела, у якой пастаноўцы яны змусілі заграць кіраўніка Беларусі. Гэтак, Стывэн Сігал сустрэчай з Лукашэнкам гучна заявіў пра сябе, каб пасля не менш гучна разрэкламаваць «Маяк Менску». Гэты праект кампаніі з сербскімі каранямі «Дана Холдынг» падаваўся як элітны аб’ект, аднак стаўся аб’ектам для крытыкі ў медыях. На дапамогу прыехаў Стывэн Сігал, які на пачатку года атрымаў грамадзянства Сербіі ды гучна паабяцаў сваім новым суайчыннікам купіць у іхным менскім «Маяку» цэлы паверх. Кіраўнік жа Беларусі, падобна, не супраць падыграць у гэткай чужой гульні.

«Ён пра гэта цяпер не думае, ён цешыць сваё самалюбства. Гэта ўласна і ўсё, усё, што яму трэба», – упэўнены Юрый Хашчавацкі.

А што трэба Джэкі Чану? Славуты актор – уладальнік унушальнай бізнес-імперыі ў Кітаі. А там камерцыйны поспех залежыць ад правільных адносінаў з уладамі. Ці гэта проста звычка актора падтрымліваць добрыя дачыненні з кіраўніцтвам краіны ці іншы бізнес-інтарэс – даведаемся пасля ягонага візіту ў Беларусь.

А тым часам менчукі замест актораў у паважаным узросце хацелі б пабачыць у Беларусі прывабнейшых і маладзейшых акторак.

«Час Анджэліну Джоўлі прывесці ў Беларусь», – кажа жыхарка Менску.

Тым больш яна неўзабаве будзе вольная.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў