Джамала «Белсату»: Калі краіна Беларусь, то там павінна быць беларуская мова

video

Эксклюзіўнае інтэрвʼю пераможцы «Еўрабачання», запісанае перад віленскім канцэртам.

«Белсат»: Хацелася б пачаць з размовы пра крымскіх татараў, якія цяпер знаходзяцца пад ціскам у Крыме. У якой яны сітуацыі цяпер?

Джамала: Сітуацыя, вядома, больш-менш стабільная, але нераўнапраўная, нераўназначная, я б сказала. Усё ж ёсць асцярогі, што ёсць ціск на крымскіх татараў. Забаранілі Меджліс, зачыняюць бібліятэкі, забараняюць мітынг 18 траўня – у дзень дэпартацыі і г.Д. Тыя заявы ўраду Крыму ў перыяд, скажам, анексіі, не выконваюцца. Тады казалі, што ўсе будуць успрынятыя, як адна вялікая сямʼя: украінцы, рускія і крымскія татары. А цяпер з гэтым ёсць праблемы. Але я чалавек аптымістычны, я спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа, і будуць улічвацца правы чалавека незалежна ад нацыянальнасці.

«Белсат»: Наколькі важнае захаванне мовы крымскіх татараў для захавання аўтэнтычнасці народу?

Джамала: Я пра гэта казала і падчас Еўрабачання. Часта пыталі: што за мова ў прыпеве? Адкуль я? Што за дата «1944»? Я заўжды выразна адказвала, што персанальна для мяне вельмі важна ведаць, адкуль ты родам, дзе твае карані. Уласна чаму я і захавала гэтую назву «1944». Бо для мяне гэта вельмі важная дата, калі мая сямʼя, мой род Джамаладзінавых цярпеў, церпіць з таго часу і па сённяшні дзень. Бо гэтая дэпартацыя наклала адбітак на ўсю нашую сямʼю, на ўсё нашае жыццё, на ўсіх крымскіх татараў. Таму для мяне веданне гісторыі і выкарыстоўванне мовы – прадмет гонару.

Больш за тое: ведаеце, мне патэлефанаваў прэзідэнт Турцыі, падзякаваў за тое, што я пела на крымска-татарскай мове на Еўрабачанні. Ён успрымае крымскіх татараў як братоў, а гэта быў першы выпадак у конкурсе, калі крымска-татарская мова прагучала. І атрымліваецца, што яна перамагла!

Шмат хто кажа, што вельмі добра было б, калі б кожны прадстаўнік пеў на сваёй мове. Гэта спрэчнае пытанне. Усе хочуць усё ж атрымаць інтэрнацыянальнае прызнанне, таму ангельская мова лічыцца такой міжнароднай мовай. Канкрэтна ў гэтай песні («1944») я не хацела перакладаць прыпеў з крымска-татарскай мовы, ён у мяне гучаў як мантра, ён заварожваў, ён гучаў як частка гісторыі, як імітацыя гэтага дрэва, якое зарастала на сцэне. Гэта сімвалізавала адраджэнне каранёў.

«Белсат»: У Беларусі не прамуецца на дзяржаўным узроўні ўжыванне беларускай мовы. Што рабіць беларусам, каб неяк паўплываць на вырашэнне праблемы?

Джамала: Пець на беларускай мове! Выпускаць кнігі на беларускай мове, гаварыць па-беларуску. Бо ў нас падобная сітуацыя. Ёсць часткі Украіны, якія гавораць толькі на ўкраінскай, а ёсць тыя, якія гавораць пераважна на расейскай. Ужо так звыкліся. Але ў нас цяпер прымаецца закон, напрыклад, адносна музыкі: на радыё будзе большы працэнт твораў на ўкраінскай. Тое ж самае паступова перайшло на тэлебачанне і гэтак далей. Кіно перакладаюць. Гэта не імгненны працэс, ён недзе ўносіць дыскамфорт, але я, напрыклад, свабодна гавару па-ўкраінску, па-руску, па-ангельску.

І мне падаецца, што калі краіна называецца Беларусь, то там павінна быць беларуская мова. Прабачце мяне за такую радыкальную пазіцыю, але мне падаецца гэта слушным (смяецца).

«Белсат»: Вы перамаглі на Еўрабачанні, канкурэнтам была Расея. Што для вас асабіста азначае гэтая перамога?

Джамала: Я не хацела б прыцягваць тое, што ўжо раздзьмулі медыі, што… гэта не была барацьба Украіны з Расеяй на «Еўрабачанні». Гэта быў конкурс песні. Тады ўжо давайце скажам так: гэта была, хутчэй, барацьба Украіны з Аўстраліяй. Бо мы і былі акурат фаварытамі. А ўсе гэтыя плёткі адносна гэтага моманту… Мне не хацелася б іх падтрымліваць. Я брала ўдзел як прадстаўніца Украіны, і я ганаруся, што Украіна перамагла.

Ганна Русінава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары