Дзецюкі ўпершыню легальна выступілі ў Горадні


Гарадзенскія Dzieciuki упершыню за 5 год свайго існавання афіцыйна выступілі ў родным горадзе

Пасля пастаянных забаронаў канцэртаў, гурт Dzieciuki упершыню афіцыйна выступіў у Горадні – сваім родным горадзе. Выступ адбыўся ў першы дзень міжнароднага, ужо 13 па ліку, байк-фестывалю «Хавайся ў бульбу».

Байкі, байкеры ды кавэр-бэнды

На тэрыторыі турбазы «Купалінка», дзе размясціўся байк-фестываль, госці ды ўдзельнікі пачалі збірацца задоўга да пачатку канцэртнай праграмы, каб паглядзець на байкі розных тыпаў ды наведаць атракцыёны. Публіцы былі прадстаўлены байкі для падарожжаў, чопэры, спартовыя, нават трохколавыя матацыклы. Некаторыя байкеры ўпрыгожвалі свае матацыклы бутафорскімі кулямётамі.

Канцэртную праграму распачаў кавэр-бэнд «Люгер», пасля іх эстафету пераняла каманда пад назвай «Радиус 2.40», далей выступіў гурт «То4ка NевоZврата», на выступ якіх пачала актыўна падцягвацца публіка.

Далей на сцэну выйшлі доўгачаканыя Dzieciuki. Пакуль ішла тэхнічная падрыхтоўка да выступу, самая актыўная публіка пачала пляскаць у далоні ды выкрыкваць «ДЗЕ-ЦЮ-КІ!», падбадзёрваючы музыкаў у дажджлівае надворʼе.

За 5 год існавання – першы легальны выступ у Горадні

10 красавіка гурту Dzieciuki споўнілася 5 год. Пасля пяцігадовага існавання, музыкам, нарэшце, далі афіцыйна выступіць у родным горадзе.

«Мы вельмі даўно хацелі выступіць у родным горадзе. Я не ўнікаю ў механізмы працы органаў, што выдаюць гастрольныя пасведчанні, а ўспрымаю інфармацыю па факце. Дзесьці нам нам дазволілі канцэрты, як у Віцебску і зараз у Горадні, а дзесьці не, як у Менску. Ад чаго гэта залежыць, шчыра прызнацца, я не ведаю.

Аднак, гэта ўжо добра, бо былі перыяды, калі нам наогул нідзе не давалі выступіць», – каментуе дазвол на выступ адзін з вакалістаў гурта – Паша «Трабл».

Dzieciuki ударылі па сваіх музычных інструментах, і пад першыя гукі песні «Давыд Гарадзенскі» публіка пусцілася ў танцы. З кожнай песняй атмасфера на танцпляцы станавілася ўсё больш драйвовай. Гурт першы раз у Горадні прадставіў песню «Гародня», якая распавядае пра жыццё гарадзенскай нефармальнай тусоўкі пачатку 1990-х гадоў.

«Калі нашыя байкі заедуць у Менск…»

Двойчы музыкаў выклікалі на біс, а напрыканцы свайго выступу экспромтам заспявалі «Калі нашыя байкі заедуць у Менск…», перарабіўшы з ходу сваю знакамітую песню «Нашыя танкі». Перад сыходам са сцэны музыкі падзякавалі байк-клубу «Насарогі» за тое, што тыя запрасілі іх выступіць на фестывалі.

Публіка вельмі цёпла праводзіла гурт:

«Выступ быў вельмі добры. Была вельмі крутое падтрыманне, дзякуй усім тым, хто прыехаў і адарваўся разам з намі, нягледзячы на халаднаватае надворʼе і дождж» – дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля канцэрту «Трабл».

Далей на фестывалі выступіў менскі гурт «Дядя Ваня».

22 красавіка канцэртная праграма на базе адпачынку «Купалінка» пачнецца а 17 гадзіне выступам гурта «FiBi».

18: 20 -19: 00 выступ гурта SHTOFF (РБ)

19: 10 – 20: 00 выступ гурта Haze (РБ)

20: 00 – 20: 50 выступ гурта Stuff (РБ)

20: 50 – 21: 20 конкурсная праграма

21: 20 – 22: 10 выступ гурта «Фандорин» (РБ)

22: 10 – 22: 45 конкурсная праграма

22: 45 – 23: 45 выступ гурта 7 Б (Расія)

23: 45 – 01: 00 выступ гурта Радиус 2.40 (РБ)

МД, belsat.eu

Стужка навінаў