«Дзеці проста гуляюць». Як паўсталі новыя білборды беларускіх ратаўнікоў


На сюжэты паўплывала статыстыка няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей. Грошы на кампанію вылучыў урад Расеі.

Новая сацыяльная рэклама «Дзеці не шукаюць небяспеку. Яны проста гуляюць» – супольная праца беларускіх ратаўнікоў і Дзіцячага фонду ААН у Беларусі. Аўтар ідэі і канцэпту – Юлія Ляшкевіч, дызайнер – Юлія Галавіна.

Праект МНС і UNICEF «Прафілактыка дзіцячага траўматызму» вядзецца ўжо некалькі гадоў. Адна з ягоных мэтаў – знізіць да 2020-га года смяротнасць дзяцей ад вонкавых прычынаў. У межах праекту распрацоўваецца сацыяльная рэклама, відэаролікі, інфармацыйныя матэрыялы для дзяцей, а таксама метадычныя матэрыялы для настаўнікаў.

Асаблівая роля ў фармаванні культуры бяспекі надаецца бацькам і другім дарослым, што знаходзяцца побач з дзецьмі. Дзеці трапляюць у надзвычайныя сітуацыі не адмыслова: часцей за ўсе гэта вынік гульні, калі небяспека не ўсведамляецца. Самы «небяспечны» узрост – 6–7 гадоў.

Мэта білбордаў – звярнуць увагу дарослых на тое, што малыя ўспрымаюць свет па-іншаму і не бачаць небяспеку там, дзе для старэйшых яна відавочная. Аўтары канцэпцыі лічаць, што навучыць дзяцей бяспечным паводзінам – абавязак бацькоў.

Рэкламныя сюжэты выбіраліся, зыходзячы са статыстыкі па няшчасных выпадках з дзецьмі і звычайных, на першы погляд, сітуацыяў, калі дзеці часцей за ўсё аказваюцца ў небяспецы.

Першыя серыі малюнкаў ужо з’явіліся на вуліцах Менску.

Рэклама ўжо атрымала мноства пазітыўных водгукаў у сацыяльных сетках.

Прэсавая служба МНС падае, што фінансавую дапамогу на праект выдзеліў расейскі ўрад.

ДД

Глядзі таксама
Каментары