Дзеці, нявесты і барадачы прабеглі 600 метраў, «дапамагаючы жыццю»


У Горадні прайшла дабрачынная акцыя дзіцячага госпісу.

Марафон «Дапамагаючы жыццю» прайшоў у горадзе над Нёмнам ужо ў другі раз. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў хворых дзетак, арганізатары абралі арыгінальную форму. Сімвалічную дыстанцыю ў 600 метраў у цэнтры Горадні па чарзе пераадольвалі нявесты, слінгамамы, барадатыя мужчыны, пенсіянеры, якія займаюцца скандынаўскай хадой і інш.

Свае карэктывы ў імпрэзу ўнеслі і гарачае надвор’е, і будні дзень.

Напрыклад, за адсутнасцю дастатковай колькасці «барадачоў», знаходлівыя арганізатары вырашылі дамаляваць бароды… дзецям.

«Нявестамі» маглі стаць нават замужнія дамы, наўпрост апрануўшы вясельную сукню. Асобная дыстанцыя была прызначаная для немаўлятаў-паўзуноў, якія яшчэ не ходзяць. Ім трэба было пераадолець даўжыню ўсяго аднаго мата, каб прайсці марафон.

Кожны ўдзельнік ахвяраваў пэўную суму на патрэбы дзіцячага госпісу, атрымаўшы пасля ліст з падзякай. Сабраныя грошы пойдуць на патрэбы Гарадзенскага дзіцячага госпісу і дзетак, з якімі там працуюць адмыслоўцы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў