Дзеці Чонак 30 гадоў без школы


Пасёлак Чонкі, што каля Гомля, налічвае прыблізна 5000 жыхароў. Навабуды і маладыя семʼі – гэта тое, чаго нельга тут не заўважыць.Словам, насельніцтва і мікрараёны растуць кожны год. Але, як кажуць мясцовыя жыхары…

«Дзяцей вельмі шмат. Пабудавалі новы раён. Хочацца вялікую добрую школу», – звяртае ўвагу Таццяна Бяспятая, жыхарка Чонак.

Бо адпаведнай школы тут няма, зрэшты, і не было. На паўтысячы дзяцей школьнага ўзросту прыходзіцца невялікая базавая навучальная ўстанова, якая ў стане прыняць толькі каля ста шасцідзесяці вучняў.

«Нашыя дзеці ў XXI стагоддзі як жабракі, што датычыць школы», – скардзіцца Алена Даўгалёва, жыхарка Чонак.

На педагагічны калектыў старой школы бацькі не наракаюць. Між іншага, намаганнямі настаўнікаў будынак удалося крыху аднавіць. Аднак зрабіць усё неабходнае не атрымалася праз нястачу грошай.

«Няма пляцоўкі для заняткаў на адкрытым паветры. Калі дзеці бегаюць крос, яны бягуць па гэтай дарожцы навакол. Двор неабсталяваны, пясок, дзеці чумазыя», – распавядае Таццяна Карабушчанка, мясцовая жыхарка.

Праблемы магла б развязаць новая школа. Яе пачалі будаваць у Чонках яшчэ ў дзевяностыя. Але далей за ўбітыя ў зямлю палі справа не рушыла. Не адно пакаленне жыхароў Чонак магло толькі марыць ды разлічваць выключна на старую ці навакольныя школы.

«Мая сяброўка з Чонак, ёй ужо каля сарака. Яна хадзіла ў гэтую школу. Яшчэ ім абяцалі. Гэта атрымоўваецца больш за трыццаць гадоў», – абураецца Алена Даўгалёва.

Калі мясцовыя ўлады выканаюць абяцанні? У Гомельскім раённым выканаўчым камітэце дакладна не ведаюць. У неафіцыйнай размове за кадрам намеснік старшыні райвыканкаму Ігар Палуян паведаміў…

«Заяўку ў аблвыканкам падалі, але адказу няма. У 2016 годзе яе не будзе. Цягам года пабудаваць школу нерэальна. Недахоп дашкольных і школьных установаў існуе. Праграма па будаўніцтве яшчэ не сфармаваная на гэты год. На наступны пакуль сказаць не магу», – дзеліцца Ігар Палуян.

А найбольш церпяць дзеці. Больш за палову вучняў вымушаныя ездзіць з Чонак у Гомель ці шукаць іншыя навакольныя школы. У дарозе даводзіцца штодзённа праводзіць не адну гадзіну.

«Сын з 12 да 21 гадзіны ў школе, ён адсутнічае ўдома. Калі б школа была побач, ён бы выйшаў каля 14 гадзіны, а 19 гадзіне быў бы ўдома», – кажа Вера, жыхарка Чонак.

Адкуль узяць грошы? Можа, скараціць непатрэбныя выдаткі? А яны відавочныя ў Чонках, бо сярод белага дня гарыць асвятленне вуліцаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў