Дзень Волі! «Белсат» трымае высока сцяг!


З нагоды Дня Волі «Белсат» падрыхтаваў для сваіх гледачоў адмысловую праграму. Таксама ў дзень свята побач лагатыпам каналу зʼявіцца анімаваны бел-чырвона-белы сцяг.

У 16:45 ў эфіры «Белсату» глядзіце дакументальную стужку «Дзень волі»

Гэта гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі вачыма пісьменніка і гісторыка Уладзімера Арлова, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы, якая дзейнічае ў Канадзе, і журналіста Радыё Свабода Сяргея Навумчыка.

А 17:10 распачнецца наступная дакументальная стужка – «Урокі беларускай мовы»

Героі фільму – маладыя дэмакратычныя актывісты. Яны раздаюць недзяржаўную прэсу, раскідваюць улёткі, ладзяць вулічныя акцыі, за гэта іх часта арыштоўваюць. Рэжысэр раскрывае праблему закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэю, навучэнцы якога нелегальна вучацца і здаюць іспыты экстэрнатам; незалежных музыкаў, якім закрытая дарога на радыёстанцыі і тэлевізію, і яны вымушаныя даваць паўпадпольныя канцэрты.

А 18:30 распачнецца жывы эфір са студыі «Белсат»

Пасля кароткага выпуску навінаў вас чакаюць уключэнні наўпрост з месца правядзення акцыі ў Менску.

Адначасова з гэтым на старонцы belsat.eu можна будзе глядзець не толькі эфір «Белсату», але і асобную відэатрансляцыю з Дня Волі.

А 22:20 на экранах – фільм з цыклу «Невядомая Беларусь» – «Каліноўскі. Апошнія дні»

Гэта кінааповед мае надзвычай арыгінальную форму – апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад смяротным пакараннем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідара, звяртаючыся да дакументаў эпохі ды сведчанняў сучаснікаў Каліноўскага.

І напрыканцы дня а 23:30 глядзіце мастацкі фільм «Жыве Беларусь!»

Падзеі ў стужцы адбываюцца ў сучаснай Беларусі. Галоўны герой Мірон, ролю якога выканаў Vinsent, – рок-музыка, які досыць далёкі ад палітыкі. Адзін з ягоных выступаў ператвараецца ў апазіцыйную маніфестацыю. У якасці пакарання Мірона забіраюць у беларускае войска, дзе творца зазнае жорсткія здзекі і прыніжэнне. З дапамогаю сваёй дзяўчыны публікуе ў сеціве допісы пра парадкі, якія пануюць у войску, за што трапляе пад яшчэ большы пераслед.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў