Дзень Волі-2016 будзе больш масавым і з новым фарматам – абяцаюць арганізатары


«Мы адзін народ» – пад гэткім лозунгам арганізатары акцыі Дня Волі збіраюцца сабраць удзельнікаў 25 сакавіка. Як перакананыя арганізатары Дня Волі, складаная эканамічная сітуацыя сёлета значна паўплывае на колькасць удзельнікаў акцыі.

Пасяджэнне аргкамітэту прайшло сёння ў Менску. Асноўныя тэмы, на якіх плануюць засяродзіцца арганізатары – незалежнасць, беларускасць і сацыяльныя лозунгі. Пра гэта «Белсату» распавёў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«Сёлетні Дзень Волі будзе больш масавым. Акцыі пратэсту будуць толькі мацнець. Сёлетні фармат – не плошча Бангалор.

Мы зробім адкрыты фармат. Ёсць электарат, які сёння абражаны ўладамі, які апынуўся пад прыгнётам. Гэта і прадпрымальнікі, і працоўныя, і пенсіянеры. Тут ужо не засталося катэгорыі насельніцтва, якую б беларускі рэжым не пакрыўдзіў, не плюнуў бы ў твар. Перад намі стаіць пытанне выжывання беларускай нацыі».

Апазіцыя плануе збор а 18 гадзіне на Акадэміі Навук, дзе пройдзе мітынг, пасля арганізатары прапануюць пайсці да помніка Янкі Купалы, дзе ўскладуць кветкі.

«Для нас адзіная прымальная форма пратэсту – мірная. Я думаю, што ад гэтай акцыі пачнецца вяртанне люзей у палітыку і пачнецца вяртанне да пратэстных акцый. Шмат у каго не застаецца іншага выйсця. Тое, што нас чакае на перадзе – гэта перамога. У тым ліку праз масавыя негвалтоўныя акцыі пратэсту. Гэта новы фармат, новыя акцыі. Мы па-ранейшаму трымаем на нашых штандарах лозунг: мы адзіны народ», – сказаў Віталь Рымашэўскі.

Ідэю таго, што сёлетні Дзень Волі ў Менску можа стаць чарговаю акцыяй пратэсту ў гісторыі Беларусі, падтрымлівае і Анатоль Лябедзька.

«Мы за тое, каб быў лозунг: Лукашэнка прывёў краіну ў тупік. Палітычны, эканамічны, маральны, знешней палітычны – гэта тупік. Гэта вынік ягонага кіравання больш як 20 год».

Арганізатары свята незалежнасці ўжо завілі, што збіраюцца адмовіцца ад старога фармату ў выглядзе шэсця на Плошчу Бангалор у Менску.

«Рытуальныя хаджэнні ад кінатэатру «Кастрычнік» па тратуару да Бангалор – гэта не абарона незалежнасці і нават не пратэст супраць гандлю незалежнасцю, бо пратэст на каленях не эфектыўны», – сказаў Мікалай Статкевіч.

Заяўку на правядзенне мітынгу-шэсця дваццаць пятага сакавіка плануюць падаць ужо праз тыдзень 16 лютага.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў