Дзень Волі 20 гадоў таму


Тут на гэтым месцы 24 сакавіка 1996 году беларускія ўлады брутальна разагналі акцыю, прысвечаную святкаванню Дня Волі. Салдаты ўнутраных войскаў утварылі так званы клін і ў цісканіне збівалі кожнага, хто трапляў ім пад руку. Траўмы атрымалі як удзельнікі акцыі так і міліцыянты, якія стаялі ланцугом паміж вайскоўцамі і мірнымі дэманстрантамі.

Па падліках назіральнікаў, у той дзень каля Опернага тэатру сабралася вялікая колькасць людзей. Выступоўцы, а гэта лідары БНФ, Зянон Пазняк, народны пісьменнік Васіль Быкаў, намеснік старшыні Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка ды іншыя, як адзін казалі пра пагрозу страты суверэнітэту Беларусі. Галоўным лозунгам акцыі была абарона незалежнасці краіны ад расейскай экспансіі.

«Мы пратэстуем, калі ўсялякага кшталту пагадненні а спіной нашага народу, спіной нашых людзей. Мы хочам ведаць свой лёс», – зазначаў Генадзь Карпенка, намеснік старшыні Вярхоўнага Савету 1995-1996 гг.

Адначасова адбываўся перформанс – на плошчы паставілі мех бульбы і пачалі збор грошай на квіток да Масквы для Лукашэнкі. Пасля заканчэння мітынгу яго ўдзельнікі прайшлі да будынку Беларускага тэлебачання, каб перадаць петыцыю з патрабаваннем даць магчымасць выступіць дэпутатам ад апазіцыі.

«Чаму было так шмат людзей? Бо на той момант споўніўся амаль год як улада пачала разбураць беларускую супольнасць», – тлумачыць Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання.

Тагачасныя падзеі ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Беларусі пад назвай «гарачая вясна». Спачатку брутальны разгон акцыі на Дзень Волі, потым масавыя выступленні супраць падпісання саюзнай дамовы паміж Менскам і Масквой 2 красавіка. Праз тры тыдні – брутальны разгон «Чарнобыльскага шэсця» і масавыя затрыманні. 30 красавіка людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі. У адказ – збіццё на вуліцах і нават у крамах.

«Спаслаўшыся на адкрытыя крыніцы, што была вельмі вялікая небяспека інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Менавіта «Менская вясна 1996» жорстка абараніла нашую незалежнасць», – распавядае Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам».

З таго часу ніводнае святкаванне Дня Волі не абыходзілася без гвалту з боку афіцыйных уладаў. Нават тады, калі падчас шэсця не ўжываўся разгон акцыі, напярэдадні адбываліся прэвентыўныя затрыманні альбо ператрусы.

«Гарачая вясна» 96-га падштурхнула ўлады задзейнічаць машыну рэпрэсіяў на ўсю моц. Дзеля гэтага ў лістападзе быў праведзены Рэферэндум, які замацаваў фактычную падмену заканадаўчай улады выканаўчай. Для збіцця пратэставай хвалі выйшаў Дэкрэт № 5, які прадугледжваў жорсткія пакаранні за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Пачаліся масавыя звальненні нелаяльных да ўладаў выкладчыкаў і студэнтаў. Дзясяткі тысяч беларусаў з’ехалі ў эміграцыю. Але, нягледзячы на гэта, людзі выходзяць на вуліцы, асабліва ў моманты, калі найбольш адчуваецца небяспеку страты незалежнасці сваёй краіны.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Стужка навінаў