Дзень трэці суду па справе РЭП: цешчы Фядыніча стала блага, але пракурор працягвала допыт


Суд Савецкага раёну ў будынку Дома правасуддзя працягнуў разгляд «справы прафсаюзаў». Сёння, 1 жніўня, працягнуўся допыт сведкаў. Лідара незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча и галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры (ч.2 арт. 243 КК).

На пачатку паседжання Генадзь Фядыніч заявіў хадатайніцтва аб тым, каб першай дапыталі ягоную цешчу, 81-гадовую Яніну Барысевіч. Жанчыне было складана даваць паказанні стоячы, таму для яе прынеслі стул. Падчас прамовы яна часта спынялася і пачынала плакаць.

У кастрычніку 2017 года на зямельны ўчастак у вёсцы Сухадолы Дзяржынскага раёну, які належыць Яніне Барысевіч, наклалі арышт.

«Я паняцця не маю пра працу майго зяця, ведаю яго толькі як мужа маёй старэйшай дачкі. Ніякіх грошай, у тым ліку на будаўніцтва лецішча, ён мне не даваў», – сказала яна.

Муж Яніны Барысевіч памёр пасля інсульту. Пазней, у 1993 годзе, жанчына набыла на свае накопленыя грошы ўчастак і пачала будаваць дом праз фірму, якая, як пазней высветлілася, паставіла няякасныя матэрыялы. У выніку Генадзь Фядыніч дабудоўваў дом уласнымі сіламі.

Распавядаючы пра арышт дачы, яна расхвалявалася.

«Грашыма мне дапамагаў ўнук Дзяніс, летась і яго пачалі цягаць у падатковую… Дайце мне спакойна дажыць! Гэтыя вашыя ручкі паперы перакладаюць, а я сваімі усе жыццё ў зямлі працую! Хто даў права чыніць беззаконне?» – звярнулася пажылая жанчына да суддзі і адмовілася адказваць на далейшыя пытанні пракурора.

Нягледзячы на скаргі Барысевіч на кепскі стан здароўя, дзяржаўны абвінавауца Ліліяна Літвінюк працягнула задаваць пытанні. Нават калі суддзя зняла ўдакладняючае пытанне, пракурор патрабавала ад Барысевіч адказу. Прысутныя ў залі абурыліся, суддзя вынесла заўвагу. Толькі пасля таго, як Генадзь Фядынич сказаў, што зараз давядзецца выклікаць «хуткую», сведцы дазволілі пакінуць залу.

Наступным даў паказанні Юры Сякерын – будаўнік, якому прафсаюз 7 гадоў таму дапамог вярнуць грошы, нясплачаныя дзяржструктурай. Ён жа кансультаваў Фядыніча па будаўніцтве лецішча, ацэньваў, наколькі якасна працуюць рабочыя. Фядыніча ён назваў сваім «добрым прыяцелем», аднак ніякай інфармацыі пра прыбытак прафсаюзу з-за мяжы ён не мае.

Фядыніч патлумачыў такі адмысловы парадак выкліку сведкаў тым, што сілавікі проста дапытвалі ўсіх запар людзей з ягонай запісной кніжкі на мабільным тэлефоне.

Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Сведка Уладзімір Кандратовіч патлумачыў, што быў сябрам РЭП з 2006 па 2015 год, калі працаваў наладчыкам станкоў на МАЗ.

«Я шукаў абароны маіх правоў і адзіная арганізацыя, якая дапамагла – гэта прафсаюз РЭП».

За мяжой Кандратовіч быў ўсяго двойчы: на семінарах у Швецыі (2006) і Нямеччыне (2011), грошы атрымліваў ад замежных арганізатараў выключна на кішэнныя выдаткі. Паводле ягоных словаў, правозіць грошы праз мяжу ад яго ніколі не патрабавалася. Прыкладна такія ж сведчанні даў яшчэ адзін сябар РЭП Дзмітрый Шугаеў, які таксама кансультаваў Фядыніча па лецішчы.

Сакратар па міжнародных пытаннях Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алег Падалінскі адразу заявіў:

«Дапамога прафсаюзам – гэта нармальная сусветная практыка, замацаваная канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы. Больш за тое, некалькі год таму віцэ-прэм’ер Беларусі браў удзел у паседжанні гэтай арганізацыі і адзначаў, што ўлады не будуць чыніць перашкодаў прафсаюзам у атрыманні такой дапамогі».

Ён падкрэсліў, што дапамога ад замежных партнёраў заключалася менавіта ў сумесных грантавых праектах, дзякуючы якім былі магчымыя паездкі на семінары па абмене досведам.

Пракурор запытала, ці мае Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў рахунак у замежным банку. Падалiнскі адказаў, што дакладна не ведае, але «імаверна, не».

Пасля допыту сведкаў суд перайшоў да абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў справы. Усяго ў ёй 11 тамоў. Сярод іншага, пракурор Літвінюк зачытала пратаколы аб аператыуна-вышуковай дзейнасці, з якіх вынікае, што сілавікі актыўна праслухоўвалі кіраўнікоў і чальцоў РЭП.

***

Суд па «справе прафсаюзаў» распачаўся 30 ліпеня. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня 2017 году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы. Комліка і Фядыніча затрымалі, у іх дамах таксама адбыліся ператрусы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе на наступны дзень, а Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай да 2 кастрычніка 2017 году.

Следства па справе доўжылася амаль год. За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюзу РЭП.

Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

Праваабаронцы і журналісты адзначаюць, што «справа прафсаюзаў» вельмі падобная на справу, якую распачалі ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Тады Бяляцкага прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі, а міжнародная супольнасць прызнала яго палітвязнем.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў