Дзень піва - дзе адзначыць у Менску?


Амаль увесь цывілізаваны свет падхапіў ідэю святкавання дня піва ў 2007-м. На жаль, Беларусь не ўваходзіць у спіс гэтых краін, таму свята стварае кожны сам. Святкаваць можна ў сераду, 5-га жніўня, а можна адсвяткаваць грунтоўна, без пагрозы прапусціць працу, у першую пятніцу месяца. Мы падрыхтавалі спіс месцаў у якіх святкаваць можна цікава, весела і дэмакратычна ў плане коштаў.

Страўня «Стары горад»

вул. Багдановіча 19; час працы: 12:00-24:00, пт,сб – 12:00-02:00; тэл. +375 17 2860508

WC: ёсць; Wifi: няма; аплата карткай: тэрмінал часова не працуе; паліць можна

У гістарычным цэнтры нашай сталіцы знаходзіцца месца, якое не дарма займае першы радок у гэтым топе. «Стары горад» пазіцыянуе сябе як страўня беларускай народнай кухні. Але асаблівасцю з’яўляецца тое, што кошты растуць нашмат павольней інфляцыі. Напрыклад куфаль піва «Талер» абыдзецца наведнікам у 21 900 рублёў.
Месца падзелена на тры лакацыі. На першым паверсе знаходзяцца некалькі пакояў з тэлевізарамі і прыбіральні. На другім – бар і крытая тэраса. Дарэчы тут дазволена паліць. На двары месцяцца звыклыя для беларускага вока драўляныя кампазіцыі са сталоў і крэслаў «Лідскае». Не здзіўляйцеся, калі пачуеце незнаёмую мову, месца карыстаецца попытам у замежнікаў, тым больш, што кухня тут сапраўды выдатная. Не тры зоркі Мішлен, але пакаштаваць варта. Калі піва ўжо абрыдла, разнастаіць вечар дапамогуць hand-made наліўкі, сярод якіх нават ёсць крамбамбуля.

Бар «Пиранья»

пр-т. Пераможцаў 13; час працы: 14:00-02:00; тэл. +375 29 1888889; piranya.by

WC: ёсць; Wifi: ёсць; аплата карткай: працуе; паліць можна на тэрасе

Установа якая перапоўненая студэнтамі падчас навучальнага году. І зразумела чаму. Піва тут можна набыць за 20 000, цёмны эль за 25, а ў 30 абыдзецца прэміум ці не фільтраванае. Выдатны выбар прысмакаў да піва коштам ад 25 000 (чыпсы з соусам) да 69 000 (піўное асарці). Для аматараў падыміць прапануюць кальян (150 000 – 200 000). Замову неабходна рабіць на бары. Кажуць тут можна паглядзець футбольныя матчы онлайн. Выдатная кактэльная мапа і вялікі выбар сушы чакаюць наведнікаў. Таксама адбываюцца розныя акцыі, а з 14:00 да 17:00 у будні зніжка 20 адсоткаў на меню. Адметна тое, што месца працуе да двух гадзін штодня. Менавіта ўвечары збіраецца шумны кантынгент з вясёлых хлапчукоў і чароўных прыгажунь.

Рестарацыя-браварня «Ракаўскі бровар»

вул. Віцебская 10; час працы: 12:00-24:00; тэл. +375 44 7339339; brovar.by

WC: ёсць; Wifi: ёсць; аплата карткай: працуе; паліць можна

Далёка не бюджэтная рэстарацыя з вялікай колькасцю месца ўнутры. Звонку дзве тэрасы, на першым і другім паверхах. Гэта месца патрапіла ў наш спіс праз наяўнасць сапраўднага бровару акурат за барнай стойкай. Тут можна паспрабаваць піва розных гатункаў, зробленае яно будзе амаль на вашых вачах. Як кажуць уласнікі, вырабляецца яно з дапамогай аўстрыйскага абсталявання і вартае тых грошай (38 000 за 0,5). Вялікі асартымент прысмакаў да піва ад свіных вушэй (68 000) да разнастайных сэтаў (150 000). Таксама ёсць з чаго абраць і паесці, але кошты, шчыра кажучы, не самыя прыемныя. Напрыклад: на ўваходзе стаіць вялікі акварыум, у якім плавае асетр, асоба можа абраць і замовіць рыбу. Сто грам каштуе 120 000 рублёў.
Цікава, што афіцыянты тут ходзяць у вышыванках, а на другім паверсе, каля скуры мядзведзя, знаходзіцца стол, за якім адзін раз на месяц збіраюцца ваенныя аташэ з розных краінаў на абед.

Бар «42»

вул. Казлова 10; час працы: 10:00-23:00, сб,нд – 12:00-23:00; тэл. +375 17 2946564;

WC: ёсць; Wifi: няма; аплата карткай: працуе; паліць нельга

Легендарнае месца побач з трамвайнымі пуцямі. Зараз каля яго адбываецца невялічкі рамонт, але бар працуе, не пужайцеся. Назва месца – адказ на «галоўнае пытанне жыцця, сусвету і ўсяго такога» з кнігі «Аўтаспынам па галактыцы». Невядома, праўда, што гэта азначае, але падыскутаваць за півам тут можаце выдатна. Кантынгент разнастайны: ад навучэнцаў каледжаў ды ўніверсітэтаў да працоўных ды прадавачак з залатымі зубамі.
Разліўная «Крыніца» каштуе 16 300, а «Аліварыя» 19 600. Да піва прапаноўваюць кальмары, сухарыкі ды чыпсы. Таксама ў халадзільніку знаходзяцца стравы кшталту дранікаў з мясам (9 200), чабурэкаў (76 400 за кг) і канапкі (8 000). Па тэлевізары часцяком паказваюць навіны ці НТВэшныя серыялы. Таму без спрэчных тэмаў для дыялогу вы не застанецеся.

Бар «Рюмочная №1»

вул. Кальварыйская 1; час працы: наступныя тры тыдні 10:00-20:00;

WC: ёсць; Wifi: ёсць каля WC; аплата карткай: працуе; паліць нельга

Адразу на выхадзе са ст.метро Фрунзенская, на месцы былой крамы разліўнога піва, некалькі месяцаў таму адчынілася «Рюмочная №1». Фармат установы fast drink адразу заўважны праз адсутнасць стулаў. Пастаяльцы з усмешкай падкажуць аб магчымасці перасунуць стол бліжэй да батарэі, але ў любым выпадку гэта не зусім зручна. Сцены ўпрыгожваюць савецкія плакаты, а па тэлевізары заўжды ідуць вядомыя савецкія фільмы Гайдая ці Разанава.
Кошт на піва вельмі дэмакратычны: 0,5 «Талера» за 14 900. Падсілкавацца можна блінамі (13 500 вяндліна з сырам), піццай(15 000) ці наўпрост грэнкамі з часныком і канапкамі.
Прыбіральня знаходзіцца ў суседнім Піплс бары. Для гэтага зроблены спецыяльны праход, нават не прыйдзецца выходзіць з памяшкання. Там жа можна скарыстацца вайфаем, пакуль стаіце ў чарзе, напрыклад.

ПМ, belsat.eu

Стужка навінаў