Дзень ПДВ у Горадні: без фантанаў, затое з Пагоняю


Ці будзе ВДВ абараняць Беларусь ад Расеі? Адказваюць дэсантнікі

На свята паветрана-дэсантных войскаў у Горадні «дзембеля» розных год традыцыйна сабраліся каля помніка войнам-інтэрнацыяналістам, адкуль пад гукі сігналаў аўтаў прайшліся вуліцай Горкага да парку Жылібера. Там рытуальна схілілі калені ля вечнага агню, зрабілі фота на памяць, а далей ужо адпачывалі ў нефармальнай абстаноўцы.

Па маршруце калону не суправаджалі ДАІшнікі ды і ў прынцыпе міліцыі асабліва не было бачна. Самотны бусік з АМАПам сумаваў ля гарвыканкаму, а ў парку дзяжурылі некалькі афіцэраў, адказных за масавыя мерапрыемствы ў горадзе.

Адзіны канфлікт стаўся на самым пачатку, да помніка аўганцам, калі нехта з дэсантнікаў дачапіўся да амапаўца з-за цельняшкі, якую той апрануў. Маўляў, насіць яе міліцыянт не мае права. Зрэшты, сітуацыя была ўтаймаваная – без боек і затрыманняў.

Некаторыя дэсантнікі апранулі старую вайсковую сімволіку пачатку 1990-х. Цікава, што адзін з іх – Руслан – служыў ужо ў «чырвона-зялёныя» часы, але тым не менш адмыслова знайшоў сабе цешку з Пагоняю.

 

“Я зняў з берэту сваю дзембельскую какарду з сярпом і молатам, – тлумачыць хлопец, – якую ў ваенторгу купляюць усе дзембеля: такая традыцыя. А з пагоняй цешку шукаў адмыслова, вось апрануў зараз і буду насіць далей. Так, мне здаецца, больш патрыятычна”.

Хлопец таксама адзначыў, што піць, насуперак традыцыі, сёння не збіраецца, бо едзе на трэніроўку.

У парку Жылібера, дзе штогод адпачываюць дэсантнікі, сёлета адключылі фантаны. Некаторыя байцы, зрэшты, знайшлі альтэрнатыўны выхад: памыць у вадзе кораткастрыжаную галаву. Хто ведае, можа такая традыцыя і стане кампрамісам, які задаволіць і дэсантнікаў, і міліцыю.


Глядзіце ўсе фота:

АК, belsat.eu

Стужка навінаў