Дзень Незалежнасці? Парад арміі з разарваным сэрцам

Рэпетыцыя парада 23 чэрвеня 2018 года. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У пачатку гэтага году пра правядзенне маштабных вайсковых парадаў у сталіцы задумаўся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. А ў Беларусі спрэчкі пра вайсковыя парады ў Менску, шкоду ці карысць ад іх не сціхаюць ужо не першы год.

Дык чаму ж, хоць парады праводзяць арміі шматлікіх і самых розных краін, у Беларусі вайсковы парад выклікае кожны год столькі эмоцый?

Новая старая ідэя

Вайсковы парад – гэта ўрачысты праход вайскоўцаў, часта разам з баявой тэхнікай і авіяцыяй, які звычайна прымеркаваны да нейкай важнай гістарычнай даты ці падзеі, часам да завяршэння вялікіх вайсковых вучэнняў і нават рэальных баявых дзеянняў.

Парады выкарыстоўваюцца для дэманстрацыі вайсковай магутнасці супернікам, умацавання веры насельніцтва ў свае ўзброеныя сілы, для адчування еднасці паміж арміяй і цывільным насельніцтвам, папулярызацыі службы ў войску, для ўшанавання вайскоўцаў і ветэранаў за іхную службу і ахвяры.

Той жа Трамп пра гэта неаднаразова казаў яшчэ да сваёй інаўгурацыі – парад, па ягонай думцы, павінен быць праведзены ў гонар тых, хто вяртаецца з войнаў у Іраку і Афганістане, а таксама каб паказаць свету сапраўдную ваенную моц Амерыкі.

Атрад Корпуса марской пяхоты ЗША на парадзе ў гонар інаўгурацыі Трампа, студзень 2017 года

Крытыкі ідэі Трампа ў ЗША заяўляюць, што прага да парадаў адлюстроўвае аўтарытарныя і мілітарысцкія схільнасці Трампа, а сам парад – лішнія выдаткі на мільёны долараў. З іншага боку нагадваюць, што парады дзясяткамі і так праводзяцца ў невялікіх гарадах ЗША кожны год, звычайна, калі ў горад пасля службы за мяжой вяртаюцца вайскоўцы, ці на Дзень ветэранаў. А таксама згадваецца, што любыя выдаткі на вялікі парад у Вашынгтоне будуць кропляй у моры $ 700-мільярднага ваеннага бюджэту ЗША.

З часоў падзення Троі

Ваенны парад – сапраўды старажытная сусветная традыцыя, якая калісьці мела непасрэдны ваенны сэнс: жаўнеры ваявалі ў шчыльных шыхтах, якія павінны былі імкліва і зладжана манеўраваць і захоўваць строй, каб перамагчы.

Такім чынам, на парадзе кожны баец мог паказаць рэальныя баявыя ўменні ды паказаць якасць свайго ўзбраення.

Зараз на парадзе таксама можна дэманстраваць свае найноўшыя танкі, самалёты і стрэльбы, аднак звычайна ў гэтым удзельнічае толькі невялікая частка арміі, таму па парадных частках немагчыма судзіць аб узбраенні ўсёй арміі. З іншага боку, шыхтавая падрыхтоўка, хоць ужо не выкарыстоўваецца на полі бою, але сведчыць пра дысцыпліну жаўнераў, пра тое, ці могуць яны зладжана дзейнічаць як адна каманда.

Шыхтавая падрыхтоўка ды яшчэ і пад музыку стварае асаблівы псіхалагічны настрой і з’яўляецца пэўным армейскім «тымбілдынгам», якому ўжо каля трох тысячаў год. Таму ў любой больш-менш значнай арміі свету яна застаецца неадʼемнай часткай падрыхтоўкі маладых жаўнераў.

«Дзень Незалежнасці» з настальгіяй па маскоўскім бізуне?

Звычайна беларускія крытыкі парадаў звяртаюць увагу на фінансавыя выдаткі ад яго і на сляды ад гусеніцаў танкаў на менскім асфальце. У мінулым годзе ўвагу людзей прыцягнуў таксама выпадак з танкам Т-72, кіроўца якога не справіўся з кіраваннем і збіў слуп на праспекце Незалежнасці.

Кажуць таксама пра нязручнасці і заторы з-за перакрытых вуліцаў. Аднак амаль любыя мерапрыемствы ў цэнтры Менску – гэта выдаткі і нязручнасці для жыхароў. Камусьці замінае занадта гучнае святкаванне дня народзінаў і гукі выбухаў ад феерверкаў, камусьці – вясельны картэж, камусьці – гарадскі велапрабег ці марафон. Шмат якія рэчы вартыя сваіх выдаткаў.

Парадная цырымонія брытанскай гвардыі ў Лондане. Фота wikipedia

«Парад – гэта відовішча і сімвал. Не так важна, што парад радуе вока, галоўнае, што ён выклікае думкі, напаўняе высокім духам, прымушае сэрца хутчэй біцца і абуджае фантазію. Калі за ім стаіць натхняльная гісторыя, ён тысячу разоў каштуе сваіх выдаткаў», – пісаў Марк Твэн пасля таго, як паглядзеў брытанскі парад падчас святкавання юбілею брытанскай каралевы Вікторыі.

Ці стаіць натхняльная гісторыя за беларускім вайсковым парадам 3 ліпеня?

Гэта дзень вызвалення Менску ад нямецкіх акупантаў у 1944 годзе. Аднак гэтае вызваленне зусім не стала пачаткам беларускай незалежнасці. Баі за саму Беларусь скончыліся толькі ў канцы месяца.

Незвычайная «перамога» у вайне

Сама Беларусь як была ў пачатку вайны толькі рэсурсам і тэрыторыяй, якую рэзала на часткі камуністычная Масква па сваім жаданні, гэтак і засталася – Сталін аддаў значную частку Заходняй Беларусі Польшчы, каб залагодзіць сваіх заходніх хаўруснікаў. Такім чынам «пераможная» БССР 1945 года страціла тэрыторыю па выніках сваёй «перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне». Чым тут натхняцца?

Сапраўднае пытанне не ў тым, ці патрэбны нам ваенны парад на Дзень Незалежнасці, а ў тым, якое дачыненне беларуская незалежнасць мае да 3 ліпеня.

За незалежнасць Беларусі пад чырвонымі зоркамі

Беларуская армія і іншыя сілавыя структуры закліканыя бараніць незалежнасць Рэспублікі Беларусь, аднак парад 3 ліпеня не мае ніякага дачынення да гэтай вялікай ідэі. Сталін, напэўна, круціцца ў труне, як верталёт, калі ў Менску кажуць, што Савецкая Армія ваявала за беларускую незалежнасць.

У СССР і да вайны, і пасля яе беларусаў забівалі і саджалі ў ГУЛАГ за спробы нешта зрабіць для незалежнасці Беларусі ці нават выказацца на карысць гэтай ідэі.

Прысяга беларускага вайскоўца. Фота Міністэрства абароны Беларусі

Грамадства хоча паверыць у сваю армію, але яму цяжка верыць, што па вуліцах Менску ідзе бараніць беларускую незалежнасць армія, якая фактычна недалёка адышла па сімволіцы і ідэях ад савецкага (то бок варожага ідэям беларускай незалежнасці) стандарту – тыя ж зоркі, амаль тая ж форма, тыя ж пагоны, амаль тыя ж сцягі.

Не варта вайсковым журналістам з газеты «Во славу Родины» (так, яна дагэтуль не змяніла назву на беларускамоўную) наракаць на цывільных за скептычнае стаўленне да армейскіх парадаў 3 ліпеня. Было б правільней, каб сама армія кожны дзень і справамі, і сімвалічна пераконвала людзей, што яна сапраўды гатовая ваяваць за незалежнасць сваёй краіны.

Берэт з «Пагоняй» на плячы беларускага дэсантніка на дзень Сіл спецыяльных аперацыяў

Са свайго боку прыхільнікам незалежнасці варта цаніць беларускую армію нават у такім выглядзе. Як бы зараз не выглядала нашая армія, без яе не можа існаваць беларуская дзяржава.

Нашыя вайскоўцы патрабуюць нашай маральнай падтрымкі, заслугоўваюць павагі і дапамогі ў ідэйным змаганні з савецкім ідэалагічным зомбі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў