Дзень народзінаў за кратамі: праверкі штогадзіну, сотні лістоў і «схаваныя» радыёвіншаванні


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Як сустракалі свой дзень народзінаў у няволі Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч і іншыя былыя палітвязні.

Палітзняволены Мікола Статкевіч праводзіць свой чарговы дзень народзінаў за кратамі. У такой жа сітуацыі нядаўна апынуўся і гомельскі актывіст Юрый Рубцоў. Belsat.eu высветліў, што перажывае чалавек, які адзначае гэтае свята не на свабодзе.

На час знаходжання ў бабруйскай калоніі прыпаў 50-гадовы юбілей Алеся Бяляцкага. У размове з Belsat.eu праваабаронца адзначае, што гэты дзень народзінаў запомніў, мабыць, лепш за ўсе астатнія ў сваім жыцці:

«У гэты дзень у калонію дапусцілі адзіную асобу за ўсе гады майго зняволення, які мяне наведаў. Гэта быў апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці. Амаль гадзіну мы размаўлялі, праўда, у прысутнасці іншых асобаў. Але звычайна гэтыя дні адзначаліся вялікім кантролем».

Па словах праваабаронцы, амаль кожную гадзіну правяралі, ці не п’е ён гарбату, не святкуе з іншымі зняволенымі. Калі апошнія віншавалі Алеся Бяляцкага, то іх адразу пераводзілі ў іншы атрад. Вязні аднак усё ж віншавалі, калі гэтага не бачылі супрацоўнікі адміністрацыі, асабліва пачуўшы па магілёўскім радыё павіншаванні для «Алеся Віктаравіча».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Сузаснавальнік аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец нарадзіўся 30 снежня. Больш за свой дзень народзінаў падчас адбыцця «хіміі» ён запомніў пераднавагоднюю атмасферу.

«У Малым Сітна была праблема, што іншыя асуджаныя пачыналі адзначаць Новы год, і к 30 снежню камендатура хадзіла п’яная большай часткай. Але да гэтага хуткага прывыкаеш», – з усмехам узгадвае Павел Севярынец.

Увогуле ён лічыць, што вольны чалавек унутрана вольны паўсюль, таму калі справа ў святочнай атмасферы, то падзякаваць Богу за жыццё і сяброў можна і ў турме.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Сустаршыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч кажа, што дні народзінаў за кратамі бываюць розныя:

«Бывае ляжыш у ізалятары на падлозе ў нейкай кашулі празрыстай. І вось твой дзень народзінаў, а ты так ляжыш».

Былы палітзняволены распавядае, што вельмі прыемна было атрымоўваць сотні паштовак на свята. Гэта, дарэчы, уражвала і іншых асуджаных, якія пачыналі казаць, што «апазіцыя сур’ёзная» і «падтрымоўвае адзін аднаго».

Ніякай святочнасці ад дня народзінаў за кратамі не адчуваецца, кажа прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Але, як і Зміцер Дашкевіч, узгадвае радасць ад віншаванняў у гэты дзень.

«Памятаю, быў у штрафным ізалятары, мне прынеслі амаль 100 лістоў, і я цэлы дзень чытаў. А калі ты не ў штрафным ізалятары, а ў атрадзе ці ў камеры, ты маеш магчымасць прыкупіць нешта салодкага, смачнага да гарбаты», – распавядае Belsat.eu Мікалай Аўтуховіч.

І дадае, што на стаўленне з боку адміністрацыі турмы ніяк не адбівалася.

Ніякіх зменаў у стаўленні з боку адміністрацыі не выказваў і Мікола Статкевіч, кажа ягоная жонка Марына Адамовіч. І згадвае

«Адзінае, што дзень народзінаў у першыя гады суправаджаўся такім салютам, які ладзілі пад сценамі турмы. І звычайна гэта выклікала рэакцыю з боку іншых зняволеных, якая мабыць, вельмі нервуе адміністрацыю. Гэта было дзіўна і для нас, калі нам паведамілі, што турма раўла», – кажа Марына Адамовіч.

І як і Алесь Бяляцкі жонка Мікалая Статкевіча распавядае пра віншаванне на магілёўскім радыё, якое было агучанае толькі аднойчы, а ва ўсе наступныя гады блакавалася.

Павіншаваць Міколу Статкевіча, якому сёння спаўняецца 59 гадоў, можна па адрасе 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4.

Як ён адрэагаваў на нядаўнія словы Лукашэнкі пра магчымае вызваленне «да выбараў», можна даведацца ў нашым матэрыяле.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў