Дзень нараджэння Барадуліна. Сёння знанаму паэту споўнілася б 80


Ужо ў незалежнай Беларусі Рыгор Барадулін стаў народным паэтам, але вуліцы яго імя так і не з’явілася. Цяпер за яе змагаюцца актывісты.

Рыгору Барадуліну сёння мусіла споўніцца 80. За амаль што год пасля смерці паэта дзяржава не зрабіла захадаў па ўшанаванні яго памяці. Каб выправіць сітуацыю, «Арт сядзіба» і Таварыства беларускай мовы ініцыявалі кампанію «Вуліцы Барадуліна»: неабыякавым прапануецца звяртацца ў Савет міністраў, каб у Менску і Ушачах (радзіма паэта) з’явілася вуліца Барадуліна. Звярнуцца можна праз сайт электронных зваротаў zvarot.by, як гэта зрабілі ўжо 3846 чалавек.

Актыўны ініцыятар ушанавання спадчыны Барадуліна, Глеб Лабадзенка, кажа, што ў Беларусі няма іншага выйсця, як ушанаваць памяць паэта.

«Не думаю, што нехта спадзяваўся, што за гэты год у кожным беларускім горадзе з’явіцца вуліца Барадуліна і помнік Барадулін. Але гэта пытанне часу. Барадулін – гэта чалавек маштабу Купалы, Багдановіча. Ні ў кога няма сумневаў сёння, што паўсюль ёсць вуліцы Багадновіча, Купалы, а Барадулін заняў гэтае месца яшчэ пры жыцці», – адзначыў Лабадзенка ў каментары «Радыё Свабода».

Пакуль жа кожны ахвочы можа здаць грошы на помнік Рыгору Барадуліну, які мае быць усталяваны на магіле творцы ў Ушачах.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў