Дзень абаронцы айчыны ў Берасці адзначаць стрыптызам і салютам


На шырокую нагу ў Берасці адзначаюць 100-годдзе стварэння Чырвонай арміі, вось толькі гісторыкі здзіўляюцца: якое стаўленне да гэтай даты мае наша краіна?

Афіцыйная праграма святкавання расцягнулася на тры дні. Сёння раніцай у вайсковай частцы 97061 у раёне Чырвоны двор Берасця адбыўся дзень адчыненых дзвярэй, а ў Берасцейскай крэпасці адкрылася выстава прысвечаная стагоддзю рабоча-сялянскай чырвонай арміі. У той жа крэпасці заўтра раніцай будуць ускаладаць кветкі да вечнага агню, а ў 21.00 ля сцен прагучыць святочны салют. 24 лютага ў 12.00 ля Лядовага палацу адбудзецца ваенна-спартыўнае свята.

Не адстаюць ад уладаў і прыватныя структуры, да 23 лютага сваю праграму прапанаваў нават берасцейскі стрыптыз-клуб.

Афіша берасцейскага клубу

Пры чым тут гісторыя?

Вось толькі беларускія гісторыкі не разумеюць, што і чаму святкуюць у гэтыя дні сённяшнія беларускія ўлады.

«Я разумею тых, хто служыў у савецкім войску. Для іх 23 лютага – гэта настальгічнае свята, Дзень савецкай арміі. Але якую сувязь гэты дзень мае з Беларуссю, тым больш з айчынным войскам?» – кажа кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.

І прыводзіць гістарычныя факты: 18 лютага 1918 года кайзераўскія войскі пачалі наступ на Усходнім фронце. Ужо праз два дні першыя нямецкія часткі былі ў раёне Менску, дзе бальшавікоў ужо дабівалі белполк Рады Першага ўсебеларускага з’езду і падраздзяленні Першага польскага корпуса. 23 лютага 1918 года кайзераўцы падышлі да Пскова, а праз дзень занялі гэты горад. У гэты момант немцы спыніліся і выставілі свае патрабаванні міру, якія Ленін і кампанія адразу прынялі. 1 сакавіка 1918 года нямецкія войскі занялі Кіеў. Міф пра нейкае гераічнае супрацьстаянне «тэўтонам», якое аказалі чырвонагвардзейцы пад Псковам і Нарвай, быў распрацаваны ў 1930-я гады. Немцаў ніхто не стрымаў, яны самі спыніліся і чакалі, што вырашыць Ленін.

«Што да Беларусі – працягвае Ігар Мельнікаў – То бальшавікі проста пакінулі нашую краіну немцам на разрабаванне. У Берасці ў гэты час праходзілі мірныя перамовы, якія бальшавікі зацягвалі, але, у рэшце вымушаны былі пагадзіцца з умовамі кайзераўцаў і падпісаць дамову 3 сакавіка 1918 года. У горадзе на Бугу знаходзіўся штаб акупацыйнага нямецкага органу «Обер-ост».

Чаму мы святкуем 100-годдзе беларускага войска ў дзень, калі Беларусь была акупавана немцамі, якія выбілі чырвоную гвардыю з беларускай тэрыторыі? Сапраўдным днём Беларускай вайсковай славы з’яўляецца дата 8 верасня 1514 года, дзень, калі адбылася Бітва пад Оршай, у якой войскі ВКЛ абаранілі сваю Радзіму ад іншаземнага захопніка.

Калі браць ХХ стагоддзе, то такой датай можа быць 19 лістапада 1917 года, калі была створана Цэнтральная беларуская вайсковая Рада».

На разумее сэнс гэтага свята і іншы берасцейскі гісторык Іван Чайчыц. Паводле яго, спробы абгрунтавання даты 23 лютага 1918 году, для шырока святкавання, як даты заснавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, выклікаюць здзіўленне ў тых, хто займаецца ваеннай гісторыяй.

«Нагадаю, што ў той час зводныя чырвонаармейскія падраздзяленні і чырвоная гвардыя ў значнай частцы апынуліся недзеяздольныя, адступленне было па ўсім фронце. Якім чынам усё гэта мае дачыненне да ўзброеных сіл Беларусі мне таксама не зразумела», – падкрэсліў адмысловец.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў