Інваліды-вазочнікі ў касцюмах Дзедаў Марозаў правялі акцыю ў Менску


Акцыя інвалідаў-вазочнікаў у Менску

Каб пратэставаць, наколькі Менск прыязны для людзей з інваліднасцю, у сталіцы сябры тэатральнай студыі «Fortinbras» зладзілі акцыю ў часе якой, дзяды марозы на інвалідных вазках спрабавалі далучыцца да параду Дзедаў Марозаў. Але перадусім даехаць з Парку Чалюскінцаў да цэнтру.

«У мінулым годзе мы рабілі два дні калядных акцыяў, прысвечаных таму, што на вуліцах Менску па сутнасці няма людзей з інваліднасцю і яны не прысутнічаюць. Мы гэта прывязалі да свята, таму што свята для ўсіх, сёлета мы яшчэ раз правяраем ці сапраўды свята для ўсіх», – тлумачыць Марыя Бяльковіч з «Fortinbras».

Арганізатары акцыі кажуць, што больш за паўмільёна асобаў з інваліднасцю, якія пражываюць у Беларусі, папросту не бачна праз тое, што яны не выходзяць на вуліцы. І менавіта альтэрнатыўны парад Дзедаў Марозаў, можа выклікаць рэвалюцыю салідарнасці ў сэрцах. Але апроч салідарнсці ўдзельнікі акцыі распавядалі і пра праблемы.

«Тое ж метро, тут мусіць быць нейкі спуск, але ў большасці выпадкаў гэтыя рэчы не працуюць» – кажа ўдзельніца акцыі Марына.

Іншая ўдзельніца заўважае:

«Мінакі звяртаюць увагу на тое, што мы ёсць, што мы маем права быць разам з усімі».

Нягледзячы на тое, што да асноўнай калоны ўдзельнікаў параду Дзедаў Марозаў у цэнтры Менску вазочнікаў не пусцілі, яны аднак здолелі далучыцца да шэсця. Паводле сябраў тэатральнай лабараторыі «Fortinbras», абмеркаванне праблемаў людзей з інваліднасцю, застаецца адною з самых табуяваных у беларускім грамадстве. І менавіта сваёй прысутнасцю на вуліцах удзельнікі акцыі разбіваюць гэтае табу.

Глядзіце таксама >>> Як у свеце адзначаюць Каляды

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Стужка навінаў