Дзеда Мароза-ніндзю выцягнулі з-пад лёду, а потым дэсант адбіў атаку «душманаў» – так адзначылі Дзень ратаўніка


Сваё прафесійнае свята беларускія ратаўнікі адзначылі феерычнай праграмаю… на «Лініі Сталіна». Святкаванне было поўнае ляпаў, але не стала ад гэтага менш відовішчным, а можа нават і больш! Глядзіце фотарэпартаж belsat.eu.

Цвіком праграмы мелася быць выратаванне Дзеда Мароза, які так спяшаўся з падарункамі да дзяцей (так, у сярэдзіне студзеня), што вырашыў перасекчы вадаём па тонкім лёдзе.

Ды і выгляд у Дзеда Мароза быў дзіўнаваты – у вадалазным касцюме ён больш быў падобны да ніндзя. Тым не менш, адпрацаваў на пяць балаў: праваліўся пад лёд і даў сябе выратаваць…



… а потым адпаіць гарачай гарбатай з тэрмасу.

Як гасяць полымя ў жылым доме гледачы ўвогуле не пабачылі, бо было зашмат бутафорскага дыму, ды і ў вадамётнай пушцы напор не адразу быў дастатковы.



Паводле задумы, наступным трукам было цяжкае ДТЗ. Але каскадзёрская машына даехала да трампліна толькі з другога разу.

 

Пагасіць яе пенаю таксама не атрымалася, бо шлангі былі недастаткова доўгія.

Няма сумневаў, што для беларускіх ратаўнікоў галоўная задача – ліквідацыя надзвычайных сітуацый, а не выступленні на публіку. Таму ў пэўны момант на «Лініі Сталіна», на фоне тыпова беларускага раўніннага пейзажу са снегам, соснамі і бярозкамі зʼявіліся савецкія дэсантнікі ды афганскія маджахеды.



Па ўсім было відаць, што гэта – не раз адпрацаваная праграма.



Двое ваяроў сышліся у рукапашнай, хоць у аднаго быў аўтамат, а ў іншага – ручны кулямёт.



Былі параненыя і забітыя. А адзін савецкі жаўнер з нажом у руках бараніў сваіх таварышаў ад «душмана».

АС/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў