«Дзе ёсць гумар, там ёсць і праўда»: памёр Эльдар Разанаў


Легендарны сцэнарыст і драматург апошнія гады цяжка хварэў. Ён пайшоў з жыцця ў ноч на 29 лістапада па прычыне лёгачнай і сардэчнай нястачы. Знакамітаму савецкаму і расейскаму рэжысёру было 88 гадоў.

Эльдара Разанава называлі самым народным рэжысёрам, ён пачаў з дакументальных фільмаў і толькі пазней захапіўся жанрам кінакамедыі. Ён быў падобны да Вуды Алена тым, што часта ў сваіх карцінах здымаўся ў эпізадычных ролях.

Фільмы народнага артыста СССР, знятыя 40 гадоў таму, дагэтуль глядзяцца на адным дыханні і разыходзяцца на цытаты.

Разанаў – аўтар трыццаці кінастужак. Папулярнасць рэжысёру прынесла кінакамедыя «Карнавальная ноч», якая зрэшты дала старт і кар’еры Людмілы Гурчанка. Ягонымі фільмамі захапляліся мільёны: у сваіх працах класік вучыў смяяца над сабою, збіраў квінтэсенцыю савецкага чалавека, паказваў фрагменты нацыянальнай матрыцы. Дагэтуль для многіх Новы год немагчымы без «Иронии судьбы, или С легким паром!»

Эльдар Разанаў крытыкаваў палітыку Пуціна. У адным інтэрвю Esquire ён калісці сказаў:

«Сённяшнюю палітычную сітуацыю я скрозь сябе абсалютна ніяк не прапускаю. Я не ведаю, у якой краіне жыву, не ведаю, які ў нас лад. Я не разумею, умоўна кажучы, за што сядзіць Хадаркоўскі, а другі алігарх чаму не сядзіць. Я разумею адно: акрамя рускай мовы, нас нічога больш не аб’ядноўвае. Я сёння жыву не ў краіне, а на сваёй тэрыторыі».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў