Курсы беларускай мовы «Мова ці кава» са скандалам спынілі сваё існаванне


Курсы беларускай мовы «Мова ці кава» са скандалам спынілі сваё існаванне.

 

Але хваля моды на родную мову ўжо разышлася па ўсёй краіне. І ўсцяж з’яўляюцца новыя праекты, дзе вучаць быць беларусам. Прыгледзімся да іх бліжэй.

Горадня: навучаць задаць пытанне прэзідэнту па-беларуску

Свае ўласныя курсы па беларускай мове ў Горадні вырашыла адчыніць філолаг Таццяна Сушко. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень у бібліятэцы імя Я.Карскага. Але калі яны распачнуцца, пакуль невядома. Цяпер ідзе запіс. Як распавяла Таццяна, ужо запісаліся тры чалавекі. А каб распачаць працу, патрэбна хаця б дзесяць слухачоў. Таццяна спадзяецца, што да лістапада група набярэцца, і можна будзе рэалізаваць ідэю.

На занятках будуць спалучацца тэарэтычная і інтэрактыўная часткі. Практычныя заняткі прапаноўваюцца досыць арыгінальныя. Напрыклад, трэба будзе ўявіць, што вы сустрэлі прэзідэнта краіны і мусіце задаць яму пытанне па-беларуску. Таццяна лічыць, што перавага ейных курсаў перад іншымі, што ўжо існуюць, у малой групе. Так можна больш увагі ўдзяліць кожнаму слухачу.

Новыя гарадзенскія курсы па беларускай мове будуць платнымі. Арганізатарка вымушана браць грошы, каб аплаціць арэнду – бясплатна даваць памяшканне бібліятэка не хоча. Колькі прыйдзецца плаціць за навучанне беларускасці – пакуль невядома.

«Гэта будзе сімвалічная сума, – кажа Таццяна. – Калі б я знайшла бясплатнае памяшканне, то і курсы былі б бясплатнымі. Буду рада, калі нехта са слухачоў дапаможа з офісам. Бо такія курсы мусяць быць бясплатнымі».

Запісацца на курсы можна па тэлефоне: 8-029-284-12-18.

Глеб Лабадзенка: самая моцная нашая спадчына – вынік моды на беларускасць

Курсы «Мова нанова» ў верасні паспяхова распачалі другі сезон. Вучаць быць беларусам яны цяпер не толькі ў Менску, але і ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. А з гэтага сезону запусцілі яшчэ і асобны праект для дзетак.

Сёлетнюю папулярнасць усяго беларускага стваральнік «Мова нанова» журналіст Глеб Лабадзенка тлумачыць модай, а яшчэ параўноўвае гэтую хвалю з нацыянальнымі ўздымамі 20-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

«Гэткая мода на нацыянальнае – з’ява не новая, – кажа Глеб Лабадзенка. – Такі ўздым быў на пачатку ХХ ст. – так званая «нашаніўская пара». І за тыя гады, дарэчы, было зроблена столькі, што плён мы адчуваем па сённяшні дзень. Нашыя самыя вядомыя паэты, літаратары – Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Цётка – яны ўсе з часоў таго ўздыму, той моды на беларускае».

Глеб Лабадзенка хоча верыць, што і сучасная хваля моды на беларускую мову, беларускі арнамент урэшце дасць такі ж значны плён для наступных пакаленняў. А тое, што мода праходзіць, яго не пужае:

«Усё пройдзе. Дык што, сесці і сумаваць? Трэба цешыцца таму, што мы сёння маем, і рабіць усё, каб гэта максімальна пашырыць. Хоць зразумела, што недзяржаўны сектар можа ахапіць толькі частку грамадства, і што паўсюднае захапленне магчыма тады, калі будзе падтрыманне на дзяржаўным узроўні. Калі кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі надзенуць вышыванкі і загавораць па-беларуску, тады ўсе загавораць па-беларуску і надзенуць вышыванкі».

Інфармацыю пра «Мову нанова» можна знайсці тут: movananova.by і тут: movananova.by/dzetkam 

Беларуская мова для бізнесоўцаў: за зачыненымі дзвярыма

Сёлета ў верасні распачалі працу курсы па беларускай мове для бізнесоўцаў. Кампанія-арганізатар – Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу – абяцала, што слухачы курсаў разаўюць навыкі вусных і пісьмовых дзелавых стасункаў для правядзення перамоў, нарад, прэзентацый і інтэрв’ю на беларускай мове. Курсы будуць доўжыцца да снежня. Заняткі праходзяць два разы на тыдзень. На жаль, як яны праходзяць і што на іх выкладаецца, невядома, бо курсы працуюць праходзяць у закрытым рэжыме, і журналістаў туды не пускаюць.

«Дзяржава не перашкаджае, бо захапленне беларускасцю пакуль не масавае»

Дзяржава, якая звычайна амаль панічна баіцца любога праяўлення нацыянальнага, не перашкаджае курсам працаваць і распаўсюджвацца. Як патлумачыць гэты маўклівы дазвол? На думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, дзяржава не перашкаджае, таму што на курсах няма палітыкі.

 «Калі там не крычаць «Луку на муку», то чаму яны будуць перашкаджаць? Тым больш, што беларуская – нашая дзяржаўная мова».

А папулярнай беларускасць зрабілася менавіта цяпер, таму што вырасла пакаленне, народжанае ўжо не ў Савецкім Саюзе, «пакаленне, людзі з якога не хочуць быць расейцамі», лічыць спадар Трусаў.

А вось што думаюць наведвальнікі саміх курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску:

Зміцер: «Гэтыя курсы важныя не столькі з-за таго, што можна дапоўніць школьныя веды беларускай мовы, колькі таму, што на іх прасоўваецца беларуская нацыянальная ідэя, яны дапамагаюць зразумець, што ты – беларус. Лічу, што дзяржава пакуль не перашкаджае, таму што гэта ўсё яшчэ не так масава».

Святлана: «Я хаджу на курсы, каб пабачыцца з разумнымі людзьмі, з аднадумцамі. Мову як такую там наўрад ці вывучыш. Можа, толькі новыя словы нейкія. Але гэта месца, дзе адчуваецца водар беларускасці. А дзяржава… Хоць і не перашкаджае, але ж і не садзейнічае. Маглі б дапамагчы фінансава, памяшканнямі, рэкламай».

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў