Дзе наступнае дно непрадказальна-глыбокага піке рублю?


Абвал беларускага рубля працягваецца. Сёння афіцыйны курс долара пабіў абсалютны рэкорд, усталяваны на пазамінулым тыдні і дасягнуў адзнакі Br 21 568.

За студзень беларускі рубель абясцэніўся да долара на 12 %. За першыя дні лютага – яшчэ на 3,5 %. Агулам з пачатку года амерыканская валюта здаражэла ў Беларусі на 16 %. Расейскі рубель – на 8 %. Да якога курсу рыхтуюцца беларусы на сярэдзіну года, мы спыталі жыхароў Менску.

Жыхары Менску па-рознаму прагназуюць на якой адзнацы спыніцца бліжэйшая дэвальвацыя беларускай грашовай адзінкі да амерыканскага долару, але сыходзяцца ў меркаваным калідоры ў Br 25-34 тыс.

«Баснаслоўна цэны растуць. Пажадана, каб ён спыніўся ўвогуле», – скардзіцца жанчына.

Між тым Лукашэнка працягвае адпачынак на горналыжным курорце ў Сочы. На выходных ён папазіраваў там дзяржаўнаму агенцтву БелТА ў абдымках прэмʼер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева.

Літаральна за два дні да Лукашэнкі да Мядзведзева, толькі без лыжнай амуніцыі, прыязджаў Андрэй Кабякоў. Пра канкрэтныя дамоўленасці па выніках абедзвюх сустрэчаў, аднак, не паведамлялася.

«Хутчэй за ўсё спадар Лукашэнка вырашыў дачакацца свайго калегу расейскага Пуціна. Таму што, напэўна, сённяшняя сітуацыя ў эканоміцы Расеі, што ніхто акрамя першага твару ня можа прыняць рашэння па дапамозе эканоміцы нашай краіны», – мяркуе Аляксандр Ярашук, старшыня «Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў».

Сёння расейскае Міністэрства фінансаў скараціла бюджэт антыкрызіснага плану для ўласнай краіны на $ 2,5 мільярды. То бок – на траціну. Між тым, афіцыйны Менск, апрача крэдыту на $ 2 мільярды, патрабуе ад Масквы пашырыць доступ беларускай прадукцыі на расейскі рынак, а таксама яшчэ большых ільготаў на закуп расейскай газу ды нафты.

Пакуль, аднак, з расейскага боку гучаць адно пагрозы. У адказ на запыт агенцтва БелаПАН расейскае Міністэрства энергетыкі заявіла, што можа скараціць пастаўкі ў Беларусь сырой нафты праз тое, што Менск недапастаўляе на Усход дамоўленыя абʼёмы бензіну.

«Пры недапастаўцы аўтамабільных бензінаў на велічыню, большую, чымся 10 % ад прадугледжанага графікам аб’ёму, расейскі бок мае права знізіць у планаваным квартале аб’ёмы сыравіны, што пастаўляецца ў Рэспубліку Беларусь», – зазначаюць у Міністэрстве энергетыкі РФ.

Апрача дамоўленых паставак бензіну, Масква хоча размясціць у Беларусі вайсковую авіябазу і, верагодна, дамагаецца больш акрэсленага падтрымання Менску ў справе гандлёвай блакады Украіны ды Турэччыны. Аляксандр Ярашук мяркуе, што, урэшце, бакам сёлета дасягнуць кампрамісу ўдасца.

«Я лічу, я зыходжу з таго, што крэдыт будзе выдзяляцца Беларусі. Ну, на нейкі час, напэўна, стане лягчэй. Але вельмі ненадоўга і гэта ніяк прынцыпова нашыя праблемы не вырашае», – тлумачыць Аляксандр Ярашук.

Пакуль, аднак, інфармацыі пра кансэнсус паміж Масквой і Менскам – няма. А абдымкі на камеру Лукашэнкі з Мядзведзевым у Сочы некаторыя аналітыкі расцэньваюць як проста медыйную інтэрвенцыю, з мэтаю супакоіць валютную паніку. Бо без ратавальнага крэдыту сёлета адмыслоўцы прадказваюць беларускаму рублю непрадказальна глыбокае піке.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў