Дзе нашае лета? 5 фактаў пра змену клімату ў Беларусі і што з гэтым рабіць


Беларускае лета сёлета пачалося са спазненнем. Тэмпература ў чэрвені трымалася ніжэй кліматычнай нормы на 2-6 градусаў. Ліпень, а гарачыні няма. Belsat.eu пабываў на лекцыі навукоўцаў, якія патлумачылі, дзе ж нашае глабальнае пацяпленне.

1. Цёпла будзе ўзімку

У зімовыя месяцы тэмпература ў Беларусі была цяплейшая за норму. Агулам на нашай тэрыторыі сярэдняя тэмпература паветра за апошнія 30 гадоў павсілася на 1,3 градусы Цэльсія. Найбольш значнае пацяпленне назіраецца ўзімку ды ўвесну.

З ліпеня гэтага году Белгідрамет перайшоў на новыя кліматычныя нормы з улікам пацяплення, каб больш дасканала разлічваць дадзеныя для сельскай гаспадаркі.

Надвор’е – гэта не клімат. Надвор’е – адна са шматлікіх праяваў клімату. Пацяпленне клімату не абавязкова азначае гарачыню на вуліцы. Непрадказальныя, раптоўныя і нехарактэрныя змены надвор’я – так.

2. Моцны вецер, трымайце капелюшы! 

«У навуковым асяроддзі ўжо практычна стала тэрмінам – клімат стаў больш «нярвовым», – кажа Аляксей Какорын, вучоны, фізік, на лекцыі па змену клімату таварыства «Зялёная сетка». Назіраюцца моцныя перапады тэмпературы да 20 градусаў, і на фоне такіх перападаў разглядзець, што агулам пацяплела на градус або паўтара, проста немагчыма, гэта бачна толькі на метэаралагічных станцыях. Часцейшымі становяцца экстрэмальныя прыродныя з’явы».

Скрыншот з сайта Белгідраметцэнтра. Ці не кожны дзень – папярэджанне пра залевы, навальніцы і шквальны вецер.

Анамальныя для Беларусі з’явы ў выглядзе працяглых залеваў, моцнага шквалістага ветру і ўраганаў, раптоўнай гарачыні або холаду – усё гэта праявы, да якіх нам трэба прызвычаіцца.

«Нельга сказаць, што клімат становіцца больш кантынентальным, або больш марскім, гэта ўжо нейкае іншае вымярэнне», – кажа Аляксей Какорын.

3. Расце вінаград, пакутуюць елкі 

Кліматычныя ўмовы ў Беларусі змяніліся і гэта ўплывае на экасістэму і сельскагаспадарчую дзейнасць. На поўдні Беларусі ў апошнія гады тэмпературны рэжым стаў падобны да паўночнай і цэнтральнай часткі Украіны. Стала магчыма вырошчваць больш цеплалюбівыя культуры, якія патрабуюць больш доўгага перыяду цяпла і сонца.

У той жа час, іншыя расліны ад гэтых зменаў нясуць страты. Пакутуюць беларускія елкі. Іх каранёвая сістэма знаходзіцца ў верхнім слоі глебы. Зімой становіцца цяплей і выпадае менш снегу, елкі ссыхаюць.

4. Беларусь – прывабнае месца для кліматычных мігрантаў

«У Беларусі сярэдняя тэмпература за год расце хутчэй, чым у сярэднім па Паўночным паўшары. Але нашмат марудней, чым у Арктыцы, і марудней, чым у цэлым па зямному шару. Тут павялічваецца колькасць ападкаў, а ў сярэднім па планеце – не», – кажа Аляксей Какорын.

Аляксей Какорын, расейскі вучоны, фізік, каардынатар кліматычнай праграмы Фонда дзікай прыроды Расей (WWF Russia) на лекцыі пра змену клімату ў Менску, 6 ліпеня 2017г.
Фота: greenbelarus.info

На перспектыву ў некалькі дзесяцігоддзяў на тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змена клімату будзе выноснай для жыхароў. Пры ўмове, што сельская гаспадарка адаптуецца, крытычнай сітуацыі з вадой і харчаваннем у нас не ўзнікне. У адрозненне ад некаторых іншых частак свету.

Кліматычныя мігранты – ужо вядомая з’ява ў Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе маленькія выспы ў акіяне сталі непрыдатнымі для жыцця. Павялічваецца рызыка цунамі і вынішчальных затапленняў. Новая Зеландыя заключыла пагадненне з краінай Тувалу, што прыме іх жыхароў да сябе.

Міжнародны Чырвоны Крыж лічыць, што ўжо зараз кліматычных мігрантаў больш, чым тых, хто бяжыць ад узброеных канфліктаў.

Вучоныя прагназуюць, што ў бліжэйшыя 30 год каля 50 мільёнаў чалавек зменяць месца жыхарства з-за непрыдатных прыродных умоваў.

5. Лепш апранацца ў светлае і эканоміць паліва 

Высыхание Аральского моря. Фото: NASA
Таяние ледника на Аляске. Фото: NASA

Леднікі ў Арктыцы і на горных вяршынях растаюць. На планеце становіцца менш белага колеру, які адбівае сонечнае святло і не дае паверхні зямлі моцна награвацца. У гэты ж час, у атмасферы збіраюцца парніковыя газы СО2 і метан, што выкідае прамысловасць, транспарт і гарады.

«Уплыў чалавека на клімат пачаўся дзесьці сто гадоў таму, найбольш моцна гэта праяўляецца апошнія 40 гадоў. Гэта можна пабачыць па тым, што ў гэты перыяд рэзка вырасла канцэнтрацыя СО2 у атмасферы, пры гэтым ізатопны склад яго кажа, што гэта – адкіды ад спальвання вугля, нафты і газу – прыродных выкапняў. У гэты ж перыяд пачалося і больш інтэнсіўнае пацяпленне», – кажа Аляксей Какорын.

 

Чалавек вынайшаў спосаб выкарыстоўваць выкапні, пачаў хутка і ў вялікай колькасці іх паліць. Акіян, мікраарганізмы і расліны, што паглынаюць СО2 з атмасферы, з такой канцэнтрацыяй парніковых газаў перасталі спраўляцца.

«Канешне, калісьці яны гэта перапрацуюць і ў выглядзе шкілетаў на дне акіяну кола замкнецца. Але ёсць перыяд чакання, разрыў, і ў гэты час мы і жывем. У атмасферу мы выкінулі шмат, а акіян не можа з гэтым справіцца», – тлумачыць фізік.

Ці чакае нас апакаліпсіс?

У снежні 2015 году краіны свету падпісалі Парыжскае пагадненне, якое фактычна прызнае, што чалавецтва павінна спальваць менш выкапнёвага паліва, выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

Большасць краінаў ратыфікавалі пагадненне і ўзялі на сябе абавязкі па скарачэнні выкідаў парніковых газаў, у тым ліку Беларусь, Украіна, усе краіны Еўразвязу. Расея пакуль не прыняла пагаднення. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп аб’явіў аб выхадзе ЗША з Парыжскай дамовы, якая была падпісана Баракам Оўбамай.

Па тэме:

Мэта Парыжскага пагаднення – утрымаць пацяпленне ў 21 стагоддзі ніжэй за 2 градусы Цэльсія. Менавіта гэты ўзровень, на думку вучоных, змяншае рызыку кліматычнай катастрофы.

«Каб не дапусціць росту тэмпературы вышэй за 2 градусы Цэльсія, значная частка ўжо разведаных запасаў вуглевадароднага паліва ніколі не павінна здабывацца або спальвацца, – кажа Міхаіл Юлкін, генеральны дырэктар Цэнтра экалагічных інвестыцый у Маскве. У нетрах зямлі патрэбна пакінуць 80% разведаных запасаў вугля, 50% прыроднага газу і 30% разведанай нафты».

Пры ўмове выканання краінамі іх абавязкаў па Парыжскім пагадненні, планета рухаецца зараз па сцэнары ў тры градусы Цэльсія пацяплення да канца 21 стагоддзя. Гэта лепш, чым пацяпленне на 4 ці 5 градусаў, што чакала б нас, калі б ніякага пагаднення не было зусім. Але глабальны зялёны трэнд яшчэ недастатковы, каб забяспечыць найлепшы для людзей і ўсяго жывога на планеце варыянт.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў