Дзе ў Менску можна тэрмінова купіць долары і еўры?


У Беларусі працягваецца паляванне на валюту. У абсалютнай большасці абменнікаў можна набыць толькі тое, што здаюць грамадзяне.

Прычым, нярэдка людзі дамаўляюцца паміж сабой проста ў чарзе, і сыходзяць «за вугал», каб абмяняцца грашыма прыватным чынам, падае «Наша ніва».

Але, як правіла, людзі здаюць валюту, але не вельмі вялікімі сумамі – дзесьці можна купіць 50 долараў, а дзесьці 100 еўраў, хоць, як кажуць практычна ўсе касіры, з банкаў ім нічога не прывозяць.

Сітуацыя адрозніваецца толькі ў «Тэхнабанку», дзе касірка параіла прыйсці раніцай, бо маюць прывезці валюту. Паводле яе, набыць можна будзе нават па 1000 еўраў і долараў.

А калі некаму тэрмінова спатрэбілася круглая сума ў валюце – можна ісці ў аддзяленне банку «Масква-Менск» каля Камароўкі. Там, па словах працаўнікоў, непасрэдна цяпер можна купіць і долары, і еўры наміналам да тысячы.

Паводле УШ, nn.by

Стужка навінаў