Дзе найлепшыя тусоўкі? У Савецкім РУУСе! Міліцыянты масава выклікаюць журналістаў


Позвы ў РУУС Савецкага раёну Менску атрымалі адразу шэсць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Першая аб 11:30 у міліцыю прыйшла Кацярына Андрэева. Яна адмовілася даваць паказанні.

Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

На 12:00 выклікалі Таццяну Белашову.

Журналістка Таццяна Белашова і аператар Віталь Дубік

«У нас з Віталём гэта першыя позвы і будзе першы суд. Сёння было азнаямленне з матэрыяламі справы. Супрацоўнік РАУС запытаў : будзем доўга размаўляць ці не?. Мы сказалі, што доўга не будзем, напісалі ў пратаколе допыту, што адмаўляемся ад пісьмовых паказанняў па справе, і сышлі. Відавочны быў руцінны характар справы – і для міліцыянта, і для нас. На гэтым тыдні ён перадасць справу ў суд і, паводле яго, суд адбудзецца праз 2-3 тыдні», – распавядае Таццяна Белашова.

Аператары Віталь Дубік і Сяргей Кавалёў атрымалі позвы на 12:30.

Сяргей Кавалёў

«Сказалі, што відэарэпартаж рабіў 26.04 з 17:30 да 20:45. За «Чарнобыльскі шлях» будуць судзіць », – распавядае Таццяна Белашова.

Пасля такой актыўнай працы міліцыянты запланавалі сабе перапынак і ўжо а 14:30 запрасілі да сябе Вольгу Чайчыц і Андруся Козела.

«Мы не збіраемся ў міліцыю і не ведаю, але думаю, што выклікаюць за Чарнобыльскі шлях. Гэта Савецкі раён і ўсе якраз там працавалі, каго выклікаюць», – кажа Вольга Чайчыц.

Вольга Чайчыц і Андрусь Козел

Сёлета журналістку судзілі ўжо 6 разоў. Сума штрафаў склала 5145 рублёў. У аператара Андруся Козела было 5 судоў (4 суды за працу без акрэдытацыі і адзін за «непадпарадкаванне міліцыянтам»). Яго аштрафавалі на 4410 рублёў.

У кожнага з выкліканых журналістаў у позве пазначана, што супраць іх вядзецца адміністрацыйны працэс паводле ўсім ужо вядомага артыкулу КаАП 22.9 ч. 2 (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў). Але ніхто не разумее за што менавіта распачалі справу і чаму выклікаюць столькі чалавек у адзін дзень. Калі міліцыянты хочуць даведацца пра сакрэты прафесіі і перайсці на «светлы бок», то наўрад ці атрымаецца, бо такіх, як кажуць, не «бяруць у касманаўты». А калі хочуць даведацца пра актуальныя навіны краіны, то хай лепей чытаюць наш сайт belsat.eu або глядзяць жывы эфір. А калі няма спадарожнікавай талеркі, то «незаконна вырабленую прадукцыю медыяў» можна паглядзець на нашых YouTube каналах.

https://goo.gl/fe2Lw9 – BELSAT NEWS

http://goo.gl/Kra6Qf – ВОТ ТАК

https://goo.gl/qSjU7a – БЕЛСАТ БЕЗ ПАЛІТЫКІ

https://goo.gl/cfiYTj – БЕЛСАТ ГІСТОРЫЯ

https://goo.gl/NDB5oB – БЕЛСАТ МУЗЫКА

https://goo.gl/obVGMH – ЖЭСТАЧАЙШЫ МУЛЬТ

https://goo.gl/1URoFk – КОЖНЫ З НАС

https://goo.gl/4LdFdG – BIEŁSAT PO POLSKU

https://goo.gl/mtBQvM – BELSAT IN ENGLISH

Нагадаем, што ад пачатку гэтага году журналістам, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», агулам выпісалі штрафаў на суму каля $ 20 тысяч.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў