«Дзе браць грошы?». Гамельчукі супраць новага праспекту Касманаўтаў

video

Гомельскі абласны Савет дэпутатаў пастанавіў выдаткаваць амаль $ 2 млн на рэканструкцыю праспекту Касманаўтаў, які знаходзіцца на паўночным захадзе гораду. Вось толькі самі гамельчукі гэтага рашэння не падтрымліваюць.

Паводле праекту рэканструкцыі запланаванае пашырэнне праспекта да шасці палосаў, што пацягне знішчэнне дзясяткаў дрэў, набліжэнне праезнай часткі да ходнікаў і вокнаў жылых дамоў. Незалежныя адмыслоўцы мяркуюць, што гэткія захады гораду не патрэбныя.

Архітэктар Сяргей Ляпін параўноўвае пашырэнне праспекту з аналагічнай рэканструкцыяй гомельскіх вуліц у апошнія гады. Адмысловец лічыць, што кошт рэалізацыі гэтага праекту можа стаць рэкордным.

«Сёння гэтая магістраль не моцна загружаная транспартам, тут не ўзнікаюць заторы нават у гадзіны пік. Наадварот, пашырэнне выкліча павелічэнне хуткасцяў і рост колькасці дарожна-транпартных здарэнняў. $ 1 900 000 – гэта кошт першага і другога этапаў рэканструкцыі. Запланаваны яшчэ трэці, ягоны кошт пакуль невядомы», – кажа Ляпін.

Настроеныя супраць новай трасы і мясцовыя жыхары, якія не разумеюць адкуль улады возьмуць грошы на гэтае будаўніцтва. У размове з нашым каналам людзі пытаюць, дзе браць грошы, і кажуць, што лепей за іх «набыць абсталяванне для анкалагічных хворых».

На думку грамадскага актывіста Аляксандра Шарыпава, у мясцовых уладаў няма мэты ашчадзіць гарадскі бюджэт.

«Іх задача – выдаткаваць грошы, якія ёсць. І чым больш – тым лепей», – кажа ён.

На сустрэчы гамельчукоў з намесніцай старшыні гарадскога Савету Наталлей Літвінавай высветлілася, што чыноўніца не вельмі добра валодае справамі гораду, у кіраўніцтве якога прымае ўдзел.

«Тэма цікавая, я з задавальненнем яе вывучу», – паабяцала пазнаёміцца з памерам будучых выдаткаў чыноўніца.

Актывісты стварылі ў інтэрнэце петыцыю супраць непатрэбнай і шкоднай на іх думку рэканструкцыі праспекту Касманаўтаў. У звароце да чыноўнікаў, жыхары аргументавалі немэтазгоднасць прынятага рашэння. Застаецца чакаць, ці пачуюць улады голас народа.

Валерыя Уласік

Глядзі таксама
Каментары