Дызайнер з Менску адбудаваў замкі ў Крэве і Гальшанах – віртуальна


Куток Вялікага княства Літоўскага адрадзіў у інтэрнэце мянчук, які працуе тэхнічным дызайнерам у сферы IT. У вольныя хвілі інтэрнэт-дойлід, які хаваецца пад псеўданімам Ахрэм Белабровік, стварыў на сайце Vkl3d.com падрабязныя 3D-мадэлі страчаных беларускіх замкаў у Крэве і Гальшанах, якія наведнікі могуць наведаць цяпер віртуальна.

«Асноўная ідэя – аднавіць вонкавы выгляд значных гістарычных мясцінаў, каб можна было пабачыць на ўласныя вочы, як выглядала наша Радзіма стагоддзі таму, – патлумачыў Ахрэм Белабровік рэсурсу 42.tut.by. – Менавіта ўбачыць, а не прыпомніць, што нешта там было ў школьным курсе ці ў нейкай там перадачы… А некаторыя, можа, упершыню даведаюцца, што тут была не толькі зямля «сялянаў і саломы», а магутная краіна замкаў і палацаў».

Галоўная мэта праекту, паводле дызайнера, – адрадзіць веліч і дух эпохі ВКЛ праз яе архітэктуру, каб беларусы наглядна ўявілі, што ім ёсць чым ганарыцца ў іхным мінулым.

Выгляд замкаў адпавядае таму, які яны мелі ў лепшыя свае часы некалькі стагоддзяў таму. Некаторыя панарамы суправаджаюцца гістарычнымі даведкамі. Ёсць месца на сайце і легендам, звязаным з замкамі. «Гавораць мясцовыя, начамі па мурох ходзіць прывід нейкай панны, ды скідае ўніз каменні. Кожны каменьчык – нечае жыццё…» – гаворыцца пра замак у Крэве.

Але трохмерныя замкі – гэта не падручнік, і ў рэканструкцыі хапае пацешных цікавінак-сюрпрызаў.

«Знайсці гэтыя »разынкі« часам не так проста, атрымліваюцца адмысловыя галаваломкі для наведнікаў. Напрыклад, можна ўласнаручна «адбудаваць» вежу ў Гальшанах: пацягнуць з заціснутай кнопкай мышку ўверх. А на наступным экране – пасачыць за таямнічым агеньчыкам у вокнах, калі з заціснутай кнопкай мышы павадзіць управа-ўлева».

Пакуль на мапе віртуальнага ВКЛ толькі два замкі, ад якіх у рэальнасці засталіся адно руіны – у Крэве і Гальшанах. Крэўскі замак амаль скончаны, другі яшчэ распрацоўваецца. Сайт пакуль што «сыры», гэта яшчэ beta-версія. Праект Vkl3d.com – некамерцыйны, аўтару дапамагаюць толькі знаёмыя: гісторык, архітэктар, мастак і распрацоўнік сайту.

Але і магчымасць інвестыцыяў аўтар не адмаўляе, для чаго на сайце запланавана асобная старонка «мецэнаты».

«Канешне, хацелася б знайсці якія незалежныя крыніцы фінансавання, але гэта толькі дзеля таго, каб паскорыць працу, каб больш часу можна б было аддаваць творчасці. Сама праца па аднаўленні ў любых выпадках ужо прыпыняцца не будзе, наколькі, зразумела, дасць Усявышні».

Пасля замку ў Гальшанах аўтар возьмецца за распрацоўку старога замку ў Мядзелі.

МЯ, belsat.eu, паводле 42.tut.by

Стужка навінаў