Дыялог з адной асобай. Лукашэнка хоча, каб Расея і Захад памірыліся ў Менску


350 адмыслоўцаў з ЗША, Еўразвязу, Кітаю і Расеі прыехалі ў Менск на няўрадавую канферэнцыю «Менскі дыялог». Форум, які пры падтрыманні беларускіх уладаў вырас з групы незалежных экспертаў «Ліберальны клуб», мае быць адным з крокаў да рэалізацыі канцэпцыі Аляксандра Лукашэнкі – гэтак званага Хельсінкі-2.

Санкцыйная вайна паміж Расеяй і Захадам. Няспынны канфлікт на Усходзе Украіны. Імавернае ўмяшальніцтва Крамля ў выбары ў цэлым шэрагу заходніх краінаў. А Беларусь, хоць і вайсковы хаўруснік Масквы, удзельнічаць у гэтым жадання не мае.

Адкрываючы сваім выступам другі дзень Менскага дыялогу, беларускі лідар нагадаў падставы айчыннага геапалітычнага курсу.

«Мы не з Расеяй супраць Еўропы, але і не з Еўропай супраць Расеі. Нашыя хаўрусніцкія дачыненні з Расеяй і арыентацыя на інтэграцыю ў межах Еўразійскага эканамічнага звязу – ніяк не замінае інтарэсам Еўразвязу. І наадварот», – заявіў Лукашэнка.

Афіцыйны беларускі лідар працягвае прасоўваць ініцыятыву Хельсінкі-2 – правядзенне новага міжнароднага паседжання па бяспецы ў Еўропе паміж Расеяй і краінамі Захаду. Лукашэнка кажа пра гэта так часта, што мала хто памятае, што першым паўтарыць хельсінкскі фармат запрапанаваў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў, пасля вайны з Грузіяй. Ды наагул, Крэмль наўрад ці ў захапленні ад дыпламатычных памкненняў свайго адзінага еўрапейскага хаўрусніка.

«Яны лічаць, што такога тыпу форумы, павінныя праходзіць пад расейскай эгідай, па расейскім сцэнары. Надта сур’ёзнае пытанне – пытанне еўрапейскае бяспекі. Расея мяркуе, што толькі яна можа вырашаць гэтыя пытанні, а ейным партнёрам можа быць толькі НАТО, або ЗША. Усіх астатніх яна проста не бярэ ў разлік», – лічыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Таму Лукашэнка не забыўся нагадаць, што хоць Беларусь маўляў, краіна нейтральная, незадаволеная яна перадусім дзеяннямі заходніх суседзяў.

«Больш адказную пазіцыю варта было б заняць і НАТО. Шмат якія праблемы, з якімі мы сутыкнуліся сёння былі выкліканыя пашырэннем НАТО на Усход. Я маю права гэта сказаць, бо гэта ўсё было на маіх вачах. На вачах першага прэзідэнта Беларусі», – заявіў Лукашэнка.

Але на гэтым прэтэнзіі ў бок Заходніх гасцей прыпыніліся. Лукашэнка ізноў запрапанаваў адправіць беларускіх міратворцаў на Данбас, казаў пра перавагі геаграфічнай пазіцыі нашай краіны і раіў усе рашэнні вырашаць мірна, а яшчэ лепш мірна і ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка на «Менскім форуме». 24 траўня 2018 года. Фота – Васіль Фядосенка/Reuters

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на тое, што рэпліка пра пашырэнне НАТО была адзінай, дзе ён усклаў нейкую віну на адзін бок канфлікту.

«Увесь астатні выступ палягаў на тым, што вінаватыя абодва бакі і што трэба дамаўляцца», – кажа Карбалевіч.

У выніку ўсе госці пачуваліся на форуме дастаткова камфортна. У адказ прадстаўнікі Еўразвязу не заміналі дыпламатычным манеўрам беларускіх уладаў і шукалі толькі пазітыву ў дачыненнях на лініі Менск–Брусэль.

«Я вельмі цаню нядаўнія святкаванні стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта вялікае свята пад оперным тэатрам. Магчымасць дыялогу грамадскай супольнасці і сталічных уладаў – выдатны знак. Два гады таму, немагчыма было б уявіць, каб штосьці такое магло адбыцца», – адзначыла кіраўнічка прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.

А Менск хваліўся выдатным прагрэсам у пацяпленні дачыненняў з Бруселем. Пра санкцыі казалі, як пра штосьці недарэчнае і не істотнае.

«Не магу адказаць, калі будуць знятыя ўсе санкцыі, але, як вы ведаеце, засталіся толькі некалькі рэстрыкцыйных захадаў адносна Беларусі, – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.- Я лічу, што паступова рухаючыся наперад мы вырашым усе пытанні, што звязаныя з адменаю санкцыяў».

Праўда, нават арганізатары форуму прызнаюць, што бакі хутчэй захраслі ў месцы, чымся кудысьці рухаюцца. Тым ня менш пытанне санкцыяў і правоў чалавека цікавіла на форуме хіба толькі незалежных журналістаў. Незапрошаныя на дыялог прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці не губляюць духу.

«Безумоўна сёння ёсць процьма лабістаў аўтарытарных рэжымаў, якія б хацелі заплюшчыць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі дзеля сваіх хуткіх выгадаў, каб прапіярыцца на тэму павелічэння супрацы з Беларуссю. Але пазіцыя ЗША і галоўных еўрапейскіх партыяў застаецца заснаванай на прынцыповым падыходзе. Магчыма і так, але на сёння і ў Бруселі і ў Менску прызнаюць, што адзінае, што перашкаджае бакам падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства – гэта непарушная пазіцыя Літвы абуранай будаўніцтвам Астравецкай АЭС, а не пытанні правоў чалавека. Арганізатары імпрэзы таксама адкідаюць тэмы, якія ня тычацца непасрэдна дыялогу», – кажа сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

На думку аднаго з прадстаўнікоў экспертнай ініцыятывы Менскага дыялогу, узаемасувязь у сталіцы Беларусі ёсць дзякуючы таму, што гэтая пляцоўка камфортная і для расейскіх экспертаў і для заходніх і для ўкраінскіх экспертаў,

«Менск ужо зацвердзіў свой імідж, а з другога боку сама гэтая імпрэза зацвердзіць імідж Беларусі як такога цэнтру экспертызы па Усходзе, Захадзе, нашым рэгіёне», – упэўнены Мельянцоў.

Улічваючы адсутнасць прагрэсу ў Менскім перамоўным працэсе, айчыннае МЗС намагаецца як мага хутчэй манетызаваць дыпламатычны трыумф трохгадовай даўніны.

«Вось вы цяпер выйдзіце на вуліцу – і ў Канадзе гэта можна зрабіць, абсалютна падобная на нас краіна – выйдзіце і паглядзіце навокал: прырода, сонца, паветра добрае. Прыгожа. Людзі задаволеныя, я ня толькі пра сябе кажу», – дадаў Лукашэнка.

Якая ж тут вайна пасля такога маналогу? Самая сустрэча, натуральна, ніякіх канкрэтных вынікаў не прынесла, затое падкрэсліла нежаданне беларускіх уладаў удзельнічаць у расейскай халоднай вайне. Не кажучы ўжо пра гарачыя канфлікты.

Рэпартаж Усевалада Шлыкава ўпершыню выйшаў у эфір у пятніцу, 25 траўня, у «ПраСвеце» з Алінай Коўшык

Стужка навінаў