Дыялог паміж Беларуссю, Польшчай ды Украінай даў вынік у выглядзе новых дарог ды лагістычных цэнтраў

video

https://www.youtube.com/watch?v=WBraJ3ppHLE&feature=youtu.be

Тры краіны, агульная гісторыя ды сугучныя праблемы. Ва Украіне падвялі вынікі транспамежнае супрацы паміж Менскам, Варшаваю ды Кіевам. 45 праектаў у галіне аховы здароўя, 460 новых працоўных месцаў і амаль дзве тысячы кіламетраў адноўленых турыстычных дарог. Што яшчэ атрымалі беларусы, украінцы ды палякі за сем гадоў гэткага дыялогу?

Няспынны дыялог трох братэрскіх краінаў. Ва ўкраінскім Букавэлі падвялі вынікі зрэалізаваных праектаў транспамежнай супрацы паміж Польшчаю, Украінай і Беларуссю.

116 кіламетраў новых дарог, 90 кіламетраў каналізацыяў ды водаправодаў, мадэрнізацыя памежных пераходаў, рэканструкцыя стадыёнаў, заапаркаў, будаўніцтва лагістычных цэнтраў ды шмат чаго іншага. На адмысловай канферэнцыі ў Букавэлі падвялі вынікі супрацы паміж трыма памежнымі краінамі за 2007-мы–13-ы гады.

«Гэта розныя ініцыятывы ў галіне культурніцкае спадчыны, спорту, турызму, аховы здароўя. Можна пералічваць вельмі шмат і доўга. Але самае галоўнае – гэта тое, што праграма створаная не для ўлады і інстытутаў, а для грамадзянаў трох памежных краінаў – палякаў, украінцаў ды беларусаў. І менавіта дзякуючы гэтаму дыялогу і гэтай працы мы робімся бліжэйшыя ды лепш разумеем адно аднаго», – адзначыў дзяржаўны сакратар Мінсітэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Якуб Скіба.

Гэтак, дзякуючы зрэалізаваным праектам на памежных тэрыторыях Украіны пабудавалі 48 новых дашкольных установаў у сельскай мясцовасці. У Падляскім ваяводстве Польшчы ды Валынскай вобласці Украіны зʼявіліся новыя апараты для дыягназавання анкалагічных хваробаў, а па абодвух баках украінска-польскае мяжы былі створаныя спецыялізаваныя цэнтры для людзей з інваліднасцю, дзякуючы чаму дзясяткі жыхароў на памежных тэрыторыях прайшлі курс рэабілітацыі.

«Гэткая праграма разбурае стэрэатыпы, яна дапамагае змагацца з прапагандаю, а таксама дае магчымасць разумець, што адбываецца ў суседніх краінах ды бачыць, якія шляхі і перспектывы ёсць для вырашэння канкрэтных праблемаў. Мы ж спадзяемся, што еўрапейскі выбар мае практычны сэнс для тых, хто жыве на гэтых тэрыторыях ды ўсіх тых, хто бярэ ўдзел у гэтых праектах», – падкрэсліла прадстаўніца Еўразвязу ва Украіне Таццяна Шульга.

За гэтыя сем гадоў Беларусь узяла ўдзел агулам у 42-ух супольных з Польшчай і Украінаю праектах. Найбольш значныя з іх – мадэрнізацыя памежных пераходаў, будаўніцтва і рэканструкцыя транспартавых камунікацыяў, турызм. У будучым нашая краіна разлічвае на такую ж, а то і большую колькасць новых праектаў, у першую чаргу транспартавых. Новыя крокі ды падпісанне двух мемарандумаў у гэтым пытанні на мінулым тыдні ў Менску ўжо зрабілі беларускі і польскі бакі.

«Гэта дасць нам вялікую перспектыву для развіцця транспартнай інфраструктуры. Гэта дасць нам магчымасць пашырыць лагістычныя праграмы, а таксама прыцягнуць патэнцыйных інвестараў дзеля будаўніцтва буйных лагістычных цэнтраў», – адзначыў дарадца амбасады Беларусі ва Украіне Юрый Колесаў.

З падвядзеннем вынікаў мінулае праграмы ў Букавэлі стартаваў і першы конкурсны набор заявак на новую праграму, якую рэалізуюць цягам 2014–2020 гадоў. Самыя ж арганізатары спадзяюцца, што дзякуючы новым праектам украінцы, палякі і беларусы стануць бліжэйшыя, а межы, якія існуюць паміж трыма краінамі, яшчэ больш абʼяднаюць людзей у жаданні дапамагаць адно аднаму.

Віталь Бабін, «Белсат», Букавэль

Глядзі таксама
Каментары