«Дыягназ: цяжарная». Беларускі ўцякаюць ад родаў на радзіме


«Я бы хацела мець яшчэ дзяцей, але дакладна я не хачу нараджаць тут. Я гатовая заплаціць будзь якія грошы, каб нараджаць… нармальна. Каб на мяне не крычалі. Каб мяне не трактавалі як… як на заводзе», – гаворыць адна з гераіняў праграмы «Людскія справы».

Умовы, у якіх нараджаюць жанчыны ў Беларусі, не вытрымліваюць а ні крытыкі, а ні… канкурэнцыі. Таму беларускі ўсё часцей выязджаюць за мяжу, напрыклад, у Літву, каб нарадзіць. Натуральна, за дадатковую аплату.

У Беларусі таксама ёсць магчымасць заплаціць за «дадатковыя паслугі». «Але нават за грошы нашая сістэма вакол родаў засталася савецкаю, калі гаворка ідзе пра «сферу паслугаў». Стаўленне да жанчыны, абмежаваны праход у радзільню, якая мае быць стэрыльнаю. Няма ў нас вольнага наведвання, як ва ўсім свеце», – гаворыць госць праграмы дзіцячы рэаніматолаг Рэспубліканскага цэнтру маці і дзіця Дзмітрый Салошкін.

Аднак эксперт падкрэслівае, што трэба размяжоўваць два аспекты – медычны складнік і «сэрвісны». «У медычнай частцы ў нас не горш, чымся ў Літве», – падкрэслівае госць праграмы.

Госця праграмы Марыя нараджала ў Літве: «Роды і цяжарнасць там не разглядаюць, як хваробу. А што пішуць у нас у бюлетэнях, калі жанчына прыходзіць у жаночую кансультацыю? Пішуць – «дыягназ: цяжарнасць».

У праграме «Людскія справы» вы пабачыце інтэрвю з грамадзянкаю Украіны, якая нараджала ў Менску ды рэпартаж з Балцка-амерыканскай клінікі ў Вільні, дзе каля 70 % жанчын, якія нараджаюць – беларускі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў