Дырэктарка школы патрабуе 5000 рублёў за яе выяву «у форме СС». Аўтар: Гэта форма паштароў


У судзе Чыгуначнага раёну Гомля распачаўся грамадзянскі працэс дырэктаркі адной з гомельскіх школаў Ніны Старажэнка супраць блогера Арцёма Шапарава. Дырэктарка кажа, што відэа, якія вырабіў блогер, зняважылі ейную рэпутацыю і «нанеслі маральную шкоду на 5000 рублёў». Жанчына патрабуе выдаліць відэаролікі з Youtube.

Гэта ўжо другі суд з удзелам дырэктаркі школы і блогера. У першы раз Шапарава судзілі па адміністрацыйным артыкуле 17.10 (распаўсюд нацысцкай сімволікі). Тады адміністрацыйны працэс спынілі, бо выйшаў тэрмін адказнасці па ім.

Нагадаем, не так даўно сям’і адзінокай маці Антаніны Шайнюк пагражала пастаноўка на ўлік па сацыяльна-небяспечным становішчы дзяцей. Пра гэта жанчыне паведаміла дырэктарка школы, дзе вучацца дзеці Антаніны – Ніна Старажэнка. Прычынай імавернай пастаноўкі на ўлік з’яўлялася пазыка па аплаце за газ і наяўнасць у кватэры старога сабакі, які на думку дырэктаркі ствараў антысанітарныя ўмовы для пражывання дзяцей.

Пра гэтую сітуацыю блогер Шапараў і зняў некалькі відэасюжэтаў. Адзін з відэаролікаў маладзён аздобіў застаўкай, на якой Ніна Старажэнка адлюстраваная ў форме, падобнай да афіцэрскай формы СС. Паводле дырэктаркі, выява зневажае ейную рэпутацыю.

Адвакатка пазоўніцы Ганна Жураўлёва (злева) і дырэктарка сярэдняй школы № 3 Гомля Ніна Старажэнка. Фота – Ганна Вашчанка / «Белсат»

Напачатку судовага паседжання прадстаўніца дырэктаркі, адвакат Ганна Жураўлёва, хадайнічала аб закрытым судовым працэсе, бо падчас яго будуць агалошвацца некаторыя медычныя звесткі ейнай падабароннай. Але, выслухаўшы пярэчанні Шапарава пра грамадскую важнасці гэтай справы, суд хадайніцтва адхіліў.

Перад пачаткам разгляду справы суд прапанаваў бакам абдумаць працэдуру прымірэння. Але на «міравую» бок пазоўнікаў не пайшоў.

«Мая падабаронная неаднаразова прапаноўвала адміністратарам ютуб-каналу «Общество Гомель» выдаліць гэтыя ролікі, каб не давялося звяртацца ў суд з гэтымі патрабаваннямі, – патлумачыла адвакат пазоўніка Ганна Жураўлёва. – Але на ўсе прапановы ніякай рэакцыі не паступіла».

У адказ на гэта Арцём Шапараў заявіў, што да яго ніякіх падобных зваротаў не паступала, а таксама хадайнічаў запатрабаваць ад пазоўнікаў доказы, якія паказваюць, што Ніна Старажэнка звярталася да яго.

Гомельскі відэаблогер Арцём Шапараў. Фота – Ганна Вашчанка / «Белсат»

Падчас разгляду справы пазоўніца патлумачыла, што ў яе ёсць прэтэнзіі да трох ролікаў, размешчаных на канале Арцёма Шапарава.

«Фота, размешчанае на вокладцы роліка «Дзеці ў закладніках, а маці-ўдава ў рабстве» носіць зневажаючы характар. Я не з’яўляюся афіцэрам СС, як там на карцінцы і адлюстравана. Для мяне гэта зняважліва як для чалавека. Я не лічу сябе фашыстам. Таксама гэты ролік даносіць непраўдзівую інфармацыю. У ім сказана, што ў школе антысанітарныя ўмовы, але гэта на самой справе не так. У другім роліку «Рука руку мые» таксама ўтрымліваецца інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці. А напрыканцы яго дэманструецца той жа самы здымак, што і на вокладцы да першага відэа. У трэцім роліку – «Суд над блогерам» тая ж самая праблема: непраўдзівыя звесткі», – заявіла Ніна Старажэнка.

Тлумачачы памер маральнай шкоды, нанесенай ёй відэаролікамі, Ніна Старажэнка расхвалявалася і заплакала, таму тлумачэнні за яе давала адвакат.

«Мая падабаронная гэтую суму пазначала, ацэньваючы свае маральныя пакуты, а таксама з улікам маёмаснага стану адказніка, паколькі спадар Шапараў неаднойчы наракаў на сваё фінансавае становішча і ў сваіх стрымах заклікаў падпісчыкаў падтрымаць яго грашыма. У сувязі з перанесеным стрэсам і маральнымі пакутамі мая падабаронная вымушаная была звяртацца ва ўстановы аховы здароўя па медычную дапамогу, а таксама прапусціла школьны выпускны вечар. Ніна Старажэнка да гэтае пары вымушаная прымаць лекі», – заявіла юрыстка.

Дырэктарка таксама заявіла, што пасля выхаду ролікаў стала атрымліваць рознага кшталту пагрозы ад невядомых.

«У мой адрас і адрас маёй сям’і паступалі пагрозы па асабістым тэлефоне, хатнім, тэлефоне школы. Пасля гэтага нехта прыходзіў да мяне дамоў і разбіў вочка ў дзвярах. Гэта было вельмі страшна перажыць, бо былі нават пагрозы фізічнай расправы», – распавяла Старажэнка.

Насуперак жаданню пазоўніцы, судовы працэс быў адкрытым. Фота – Ганна Вашчанка / «Белсат»

Арцём Шапараў патлумачыў, што форма, адлюстраваная на прэв’ю – гэта не форма афіцэра СС, а форма расейскіх паштароў. Гэтым ён хацеў сказаць, што, калі дырэктарка прыйшла ў кватэру Шайнюк, яна нагадала яму паштарку – бо яны часта завітваюць у жытло людзей. Па астатніх прэтэнзіях да сваіх відэа Шапараў зазначыў, што ўсе звесткі ў іх праўдзівыя і яны былі прадстаўленыя вучнямі школы, іх бацькамі, а таксама былым кіраўніцтвам.

«Дадзеныя відэаролікі не накіраваныя на знявагу дзелавой рэпутацыі спадарыні Старажэнка, – заяўвіў Шапараў у пярэчаннях да пазову. – Яны толькі раскрываюць канфліктную сітуацыю паміж школай і сям’ёй. Усе інфармацыя, адлюстраваная ў роліках адпавядае рэчаіснасці і была атрыманая ад рэальных удзельнікаў канфліктнай сітуацыі, якая склалася. Довады пазоўніка пра тое, што ў роліку змешчаная нацысцкая сімволіка, неабгрунтаваныя, бо ні ў адным з ролікаў нельга разгледзець ніякіх нацысцкіх сімвалаў», – сказаў Шапараў.

На наступнае паседжанне, якое адбудзецца 11 кастрычніка, бок пазоўнікаў хадайнічаў запрасіць у якасці эксперта Канстанціна Мішчанку – супрацоўніка музею ваеннай славы, каб той патлумачыў ці з’яўляецца адлюстраваная на вокладцы да роліка форма нацысцкай сімволікай. Таксама абодва бакі канфлікту хадайнічалі аб праглядзе тых самых відэаролікаў.

Ганна Вашчанка

Стужка навінаў