Дырэктарка «Белсату»: мы не адмаўляемся ад беларускай мовы, гэта наша прынцыповая пазіцыя


Агнешка Рамашэўская-Гузы

У наступны панядзелак на «Белсаце» з’явіцца штодзённая праграма «Вот так» на расейскай мове. Мы распыталі дырэктарку тэлеканалу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, чаму праграму вырашылі не рабіць па-беларуску і ці збіраецца «Белсат» у будучыні перайсці на расейскую мову.

– Інфармацыя пра тое, што на «Белсаце» з’явіцца праграма па-расейску, выклікала бурную рэакцыю сярод беларускіх патрыётаў. Што мы можам ім адказаць?

– «Белсат» не пераходзіць на расейскую мову, бо калі б мы хацелі, то маглі б зрабіць гэта ўжо даўно. Асноўнай мовай тэлеканалу застанецца беларуская. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. У той жа час мы вельмі даўно думалі пра выйсце за межы Беларусі ды выкарыстанне расейскай мовы. Сёння «Белсат» дасяжны не толькі ва Украіне і краінах Балтыі, але і ў Расеі. Мы маем унікальны калектыў і мноства магчымасцяў. Грэх гэтага не выкарыстаць. Я лічу, што калі будуць магчымасці, то ў будучыні мае сэнс стварыць асобны расейскамоўны тэлеканал у межах польскага тэлебачання. Новая праграма – гэта так званая «разведка боем».

– Пра што будзе новая праграма?

– Яна будзе распавядаць пра падзеі ў рэгіёне былога СССР. Гэта пакуль толькі спроба, пашырэнне нашай праграмнай сеткі. Нам важна, як на яе адрэагуюць гледачы.

– Тут абавязкова з’явяцца меркаванні, што мы не зможам канкураваць з расейскімі тэлеканаламі.

– А мы і не мусім канкураваць. Мы не ёсць часткаю Расеі, у шмат якіх справах можам мець іншы погляд, чым нават недзяржаўныя медыі, якія вяшчаюць уласна з Расеі. Прынцыпова прытрымліваючыся беларускай мовы, мы таксама не можам рабіць выгляд, што ў Беларусі большасць не разумее па-расейску. Гэта ўсё адно што хаваць галаву ў пясок.

– Праціўнікі расейскай мовы на «Белсаце» расцэньваюць гэты крок як спробу запэўніць сабе фінансаванне.

– Вядома, што на расейскаймоўныя СМІ сёння прасцей знайсці спонсараў. Бо на гэтай мове размаўляе цэлы рэгіён. У той жа час я заўсёды імкнуся пераканаць нашых еўрапейскіх партнёраў, што беларуская мова – таксама вельмі важная, надзвычай каштоўная для існавання беларускай нацыі. Але калі мы як тэлеканал прымем ганаровую смерць з прычыны адсутнасці фінансавання, думаю, прайграюць усе, у тым ліку беларускія патрыёты.

– У інтэрнэт-каментарах людзі пішуць, што гатовыя талакой падтрымаць «Белсат» і што зусім неабавязкова пераходзіць на расейскую мову, каб атрымаць фінансаванне.

– Тэлеканал, які трымае высокую якасць, перадае праз спадарожнік, існуе ва ўсіх сацыяльных сетках, да таго ж мае інтэрнэт-старонку ў чатырох моўных версіях, – вельмі дарагі праект і высілкаў талакі тут, хутчэй за ўсё, не хопіць. Але мы збіраемся распачаць краўдфандынг, для гэтага акурат ствараем фундацыю.

Размаўляла Інга Астраўцова

Размову з аўтарамі расейскамоўнай праграмы «Белсату» чытайце на нашай старонцы заўтра.

Глядзі таксама
Каментары