Дырэктар светлагорскага цэлюлознага камбінату: «У краіне не стае макулатуры»


А працаўніца гэтага камбінату мяркуе, што не стае грошай на аплату электраэнергіі і менавіта праз гэта прадпрыемства перайшло на чатырохдзёнку.

Працаўнікі светлагорскага цэлюлознага камбінату скардзяцца на скарачэнне працоўных дзён. У траўні працоўнаму калектыву паабяцалі канікулы да 11-га.

Ходзяць чуткі, што мы не працуем, бо прадпрыемства не можа заплаціць рахункаў за электраэнергію. На абурэнні працаўнікоў адказ адзін – вас ніхто не трымае. Каму ёсць куды сысці, ужо гэта зрабілі, – распавяла tut.by працаўніца аднаго з цэхаў. Жанчына паскардзілася, што ейны заробак і так невялікі ды складае крыху больш за Br 3 млн, што ж тады ад яго застанецца ў траўні?

Паводле генеральнага дырэктара камбінату Юрыя Крука, прадпрыемства сапраўды афіцыйна абвесціла аб пераходзе на чатырохдзёнку, але пра запазычанасць за электрычнасць гаворкі не ідзе.

У краіне не стае макулатуры. З гэтай прычыны пакутуем не толькі мы, але і ўсе прадпрыемствы канцэрну. Рыхтуюцца змены ўказу прэзідэнта. Думаю, пасля гэтага з другаснай сыравінай сітуацыя ў краіне мусіць палепшыцца, – мяркуе дырэктар.

У 2012 годзе ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат» і ААТ «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ» распачалі рэалізацыю супольнага праекту для ўзвядзення заводу сульфатнай беленай цэлюлозы. Увосень стане вядома, калі стартуюць комплексныя выпрабаванні новага заводу.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў