Дырэктар фірмы, што будуе бізнес-цэнтр ля Курапатаў: Мы не будуем на могілках, гэта хлусня


«Белсат» паразмаўляў з Сяргеем Несцеравым, кіраўніком «Белрэканструкцыі», якая пачала будаўніцтва каля ўрочышча Курапаты.

Сёння актывісты «Маладога фронту» пад кіраўніцтвам Змітра Дашкевіча распачалі доўгатэрміновую акцыю пратэсту супраць высякання дрэваў і пачатку будаўніцтва офіснага цэнтру за некалькі дзясяткаў метраў ад пахаванняў. Каля месца будаўніцтва пратэстоўцы ўсталявалі намёт і зарганізавалі сталае дзяжурства, якое раней ужо наведаў прадстаўнік Упраўлення ўнутраных справаў.

У інтэрнэт таксама трапіла відэа бойкі будаўнікоў з актывістамі.

Сяргей Несцераў у каментары «Белсату» падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі.

«Пабудова абʼекта выносілася на аўкцыён. Пішуць, што нібыта гэта хабар, але гэта не так. Мы заплацілі значныя сродкі, удзельнічалі ў адкрытым аўкцыёне. Не мы вырашылі тут будаваць, вырашыў горад. Побач з Курапатамі пабудавана шмат будынкаў, у тым ліку жылы дом нумар 49, які знаходзіцца бліжэй да ўрочышча чым наш абʼект. З адваротнага боку будуецца бізнес-цэнтр, які знаходзіцца яшчэ ў больш блізкай зоне і знаходзіцца ў фінальнай стадыі. Таму папракаць нас, што мы вырашылі зняважыць беларуску боль не верна. Няма такога, што мы лезем на могілкі, там няма могілак».

Дырэктар «Белрэканструкцыі» дадае, што актывісты першыя пачалі яго абражаць.

«Нельга хаміць, нельга пагражаць, што мы абальем вас бензінам. Я не фашыст, як яны мяне абзываюць. Навошта абзываць паводле паходжання, габрэйства? У нас ёсць нейкія праблемы з паходжаннем у Беларусі? Гэта фашысцкая моладзевая арганізацыя? Мы гатовыя да дыялогу. Калі хацелі дадатковай праверкі, калі ласка, давайце яе правядзем, але калі проста бяруць бярвенне і пачынаюць біць людзей, бо пазіцыя, што такую грамадзянскую супольнасць нельга затрымліваць, няверная».

У месцы пабудовы новага абʼекту няма могілак, сцвярджае Сяргей Несцераў.

«Ёсць інжынерныя вышуканні абʼекта, пад зямлёй на глыбіню ў 5 метраў там зарытыя сеці пад усім участкам. Нават калі б там нешта знайшлі, геалагічныя вышуканні паказваюць, што там закапанае смецце з будаўніцтва жылых дамоў, што побач».

Больш пра сітуацыю з канфліктам вакол Курапатаў глядзіце ў вечаровым выданні «Абʼектыву» а 21:00.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў