Дыпламатычны крызіс у Персідскім заліве. Краіны перарываюць усе зносіны з Катарам


Саудаўская Аравія, Егіпет, Бахрэйн, Йемен і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты сёння раніцай заявілі, што з гэтага дня перарываюць усе сувязі з Катарам і зачыняюць свае межы для гэтай дзяржавы. Катар абвінавачваюць у падтрымцы тэрарызму, у прыватнасці, тэрарыстычнай групы Аль-Каіда і Ісламскай дзяржавы.

«Катар падтрымлівае розныя тэрарыстычныя групы для дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне, напрыклад, аб’яднанне братоў-мусульман, Ісламскую дзяржаву і Аль-Каіда», – прагучала ў афіцыйнай заяве ад Арабскіх Эміратаў.

Дыпламаты Катару, што знаходзяцца ў названых краінах, маюць 48 гадзінаў, каб пакінуць свае месцы і вярнуцца ў Катар. Катарскія грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі гэтых краінаў, павінны будуць выехаць цягам двух тыдняў.

Авіазлучэнне паміж Катарам і краінамі-заяўнікамі на гэты час перапыненае. Краіны маюць намер закрыць мяжу цалкам, для аўтамабільнага, марскога і чыгуначнага транспарту.

У міністэрстве замежных справаў Катара гэтае абвінавачванне назвалі «беспадстаўным» і «абуральным», а таксама заявілі, што супраць дзяржавы адмыслова праводзіцца палітыка варожасці пад прыкрыццём нібыта падтрымкі тэрарыстаў. Міністэрства заявіла таксама, што «будзе зроблена ўсё магчымае, каб не дапусціць намаганняў нашкодзіць насельніцтву і эканоміцы краіны».

Біржа Дохі сёння ад раніцы абвалілася на 8%.

Два тыдні таму Арабскія Эміраты наведаў Дональд Трамп, які прызываў мусульманскі свет мабілізавацца для барацьбы з экстрэмізмам. На сённяшнія падзеі ў Персідскім заліве Вашынгтон запрасіў усе дзяржавы рэгіёну заставацца «аб’яднанымі».

Дзмітрый Пяскоў таксама прамовіў пазіцыю Крамля на гэты конт: «Мы не можам ублытвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў, у дадзеным выпадку, дзяржаў Персідскага заліву».

Ён дадаў, што ў Расеі добрыя адносіны з рэгіёнам Персідскага заліву цалкам і асобнымі краінамі, а супрацоўніцтва актыўна развіваецца. «Мы зацікаўлены ў падтрымцы гэтых добрых адносінаў, зацікаўлены ў тым, каб у Персідскім заліве была стабільная і мірная атмасфера, у якой і вырашаюцца існуючыя рознагалоссі», – сказаў Пяскоў.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў