«Дыктатура, узброеная да зубоў, або… саюзнік». Кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы пра Беларусь


Патэнцыйны саюзнік, краіна са страшылак або неспазнаная зямля? 10 траўня ў Польшчы праходзяць прэзідэнцкія выбары, а Belsat.eu праверыў, што гаварылі пра Беларусь кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы ды якое месца прызначылі нашай краіне ў сваёй вонкавай палітыцы.

Польскі прэзідэнт можа толькі марыць пра такую паўнату ўлады, якой, да прыкладу, валодае ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Быць прэзідэнтам у Польшчы – ганарова, аднак справы ў краіне залежаць перадусім ад рашэнняў прэм’ер-міністра.

У 2010 годзе перад выбарчай кампаніяй тагачасны польскі прэм’ер Дональд Туск (цяпер старшыня Еўрапейскай рады – рэд.) тлумачыў, чаму не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах: «Прэзідэнцтва – гэта прэстыж, жырандоль і палац». Гэтым самым Туск падкрэсліў перавагу над кіраўніком дзяржавы прэм’ер-міністра, у кулаку якога сканцэнтраваная рэальная ўлада.

Выказванне колішняга прэм’ера стала крылатым. Дагэтуль у Польшчы жартуюць, што «галоўная роля прэзідэнта – гэта падтрымліваць жырандоль». Гэты жарт, вядома, – перабольшанне, але зусім не факт, што, узначаліўшы краіну, былы кандыдат адразу мог бы выканаць тое, што абяцаў у выбарчай праграме. Хоць акурат у замежнай палітыцы ад лідара Польшчы шмат што залежыць.

Пра Беларусь найчасцей выказваўся дзейны прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, які спадзяецца на пераабранне на новы тэрмін. «У Беларусі адбыўся крах дэмакратычных працэсаў, дзе мы маем справу з арыштамі, пакараннямі апазіцыйных дзеячаў, канкурэнтаў у выбарах, дзе цяпер ідзе акцыя абароны карэспандэнта польскай прасы ў Беларусі (Анджэя Пачобута, якога вінавацілі ў паклёпе на кіраўніка Беларусі – рэд.), – заўважыў Браніслаў Камароўскі ў размове з прэзідэнтам ЗША Баракам Оўбамам, які наведаў Польшчу ў 2011 годзе. Польскі прэзідэнт выказаўся тады за «цвёрдую» пазіцыю ў абароне правоў чалавека ў Беларусі.

А што цяпер кажа прэзідэнт краіны-суседкі пра Беларусь?

Прэзідэнт Польшчы прыслухоўваецца да парадаў дэпутата Сейму Робэрта Тышкевіча, які кіруе выбарчым штабам Камароўскага. Тышкевіч – аднапартыец польскага лідара, шэф аддзелу партыі «Грамадзянская платформа» ў Падляскім ваяводстве на мяжы з Беларуссю. Прозвішча Тышкевіча нярэдка з’яўлялася ў беларускіх і польскіх медыях, бо дэпутат узначальваў у польскім парламенце камітэт па справах з Беларуссю.

Дзе яшчэ Браніслаў Камароўскі мог абмяркоўваць дачыненні з Беларуссю, калі не ў Беластоку?

«Я вельмі спадзяюся, што працэсы, якія адбываюцца на Усходзе, сведчаць іншым пра тое, што любая форма ўдзелу ў інтэграцыі заходняга свету, – гэта заўсёды гарантыя большай бяспекі і развіцця дзяржаў у іх нацыянальнай, незалежнай формуле, гэта гарантыя большага дабрабыту, – сказаў польскі прэзідэнт, выступаючы ў цэнтры Падляскага ваяводства ў канцы лютага. – Вельмі спадзяюся, што працэсы, якія ўжо можна заўважыць, таксама будуць стымуляваць Беларусь да таго, каб шукаць палітычнага збліжэння з заходнім светам».

Сёлета ў красавіку, прамаўляючы ў адной з найбуйнейшых бібліятэк у краіне – «Ossolineum» ва Вроцлаве – Камароўскі звярнуў увагу на больш шырокі ўдзел Беларусі ў праграме Еўразвязу «Усходняе партнёрства».

«Праз расейска-ўкраінскі канфлікт, натуральным чынам, больш значнаю робіцца роля Беларусі ў рэгіёне. Гэта мы павінны таксама ўлічваць», – заявіў Камароўскі.

Цяперашні прэзідэнт Польшчы меў магчымасць прамаўляць і дзейнічаць цягам апошніх пяці гадоў, прычым усё гэта старанна занатоўвалася. Дасье іншых кандыдатаў, натуральна, больш сціплыя, але таксама часам вельмі цікавыя.

А як Агурэк

Адзіная жанчына ў групе кандыдатаў вылучаецца яшчэ і тым, што бадай нічога не казала пра Беларусь або прынамсі ейныя словы нікому не запалі ў памяць. Але саму Магдалену Агурэк у Беларусі заўважылі. «У прэзідэнты Польшчы вылучылі бландзінку, – паведамляла 30 сакавіка газета «СБ.Беларусь сегодня», друкаваны орган адміністрацыі кіраўніка Беларусі.

Б як Браўн

Кандыдат і рэжысёр Гжэгаж Браўн бачыць у Беларусі патэнцыйнага і натуральнага саюзніка, які можа замяніць «амерыканскую імперыю». Нашая краіна была б для яго таксама стратэгічным эканамічным партнёрам, паколькі, як сцвярджае Браўн, «не варта недаацэньваць беларускіх атамных электрастанцый».

Відаць, кандыдат клапоціцца пра даволі няблізкую перспектыву, бо пакуль у Беларусі няма ніводнай атамнай электрастанцыі. Будаўніцтва першай беларускай АЭС у Астраўцы мае быць завершанае ў 2020 годзе, калі, канешне, гэтаму не перашкодзіць цяперашні крызіс. Можа, кандыдат проста паблытаў Беларусь з нейкай іншай краінаю?

В як Вільк

Кандыдат ад Кангрэсу новых правых Яцэк Вільк робіць акцэнт на вайсковай моцы Беларусі: «На траіх афіцэраў і ўнтэр-афіцэраў прыходзіцца адзін шараговец, шмат з якіх выконваюць адміністрацыйныя функцыі. Гэта не войска. Я думаю, што беларуская армія была б у стане заняць нас цягам некалькіх тыдняў, бо яны маюць значна, значна лепшае войска. Так, насамрэч мы мусім стварыць польскае войска».

Д як Дуда

Кандыдат ад кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць» Анджэй Дуда пазіцыянуе сябе як прадаўжальніка палітычнай думкі загінулага ў авіякатастрофе пад Смаленскам прэзідэнта Леха Качыньскага. Менавіта Качыньскі спрабаваў ужыць у сваёй вонкавай палітыцы «Ягелонскую канцэпцыю» («Ягелонская канцэпцыя» разумеецца як супраца краін Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку былых народаў даўняй Рэчы Паспалітай – рэд.). Аднак самае вядомае выказванне Дуды пра Беларусь датычыла крыху іншага аспекту. Кандыдат гэтым самым паказаў, што разумее, якія стандарты дэмакратыі існуюць у суседняй краіне:

«Няма больш важнага працэсу пры дэмакратыі, чым выбары. Калі існуе сітуацыя, што ўлады фармуюцца не праз сумленныя выбары, то гэтае кіраўніцтва – не легітымнае. Гэта беларускія стандарты», – сказаў Анджэй Дуда летась у канцы лістапада, каментуючы парушэнні падчас мясцовых выбараў у Польшчы.

К як Корвін, Кавальскі і Кукіз

Наступны кандыдат Януш Корвін-Miккэ проста ў захапленні ад Беларусі і Расеі ды вельмі шануе іх кіраўнікоў.

У інтэрв’ю парталу wp.pl ён сцвярджаў, што падчас Еўрамайдану ў Кіеве ў пратэстоўцаў стралялі снайперы, падрыхтаваныя ў Польшчы. А пра Аляксандра Лукашэнка выказаўся гэтак:

«Ён вельмі разумны палітык. Гэта адзіны гарант незалежнасці Беларусі. Калі яго не будзе, Беларусь будзе паглынутая Расеяй з невялікай дапамогай маленькіх зялёных чалавечкаў».

Раней, у 2008 годзе Януш Корвін-Міккэ разважаў, чаму б не аднавіць «імперыю Ягелонаў», уключыўшы ў яе Беларусь. Тады ж кандыдат адзначыў: «Калі б Лукашэнка нават замарыў голадам беларусаў, то мне гэта мне перашкаджае, найважнейшае – існаванне незалежнай Беларусі. Трэба памятаць, што Беларусь мае тэмп развіцця – 3 %, а Нямеччына – 1 %. Таму гэта не такая і дрэнная сістэма…»

Культурыст і кандыдат ад «Нацыянальнага Руху» Мар’ян Кавальскі не шмат сказаў пра Беларусь.

«Беларусь – наш натуральны сусед – павінна ўвайсці ў зону нашага ўплыву. Пакуль Беларусь не трапіла ў рукі пуцінскай Расеі, ёсць шанец на цікавасць гэтай краіны да супрацы з Польшчай», – коратка і ясна выказаўся Кавальскі.

Для апазіцыйнага музыкі Паўла Кукіза Беларусь з’яўляецца краінай, якой варта баяцца і з гэтай жа прычыны ёй зайздросціць:

«Калі б Беларусь, напрыклад, хацела заняць Польшчу, то зрабіла б гэта цягам двух дзён – на выходных, увайшоўшы ў Польшчу а 16:35, бо а 16:30 нашыя вайскоўцы заканчваюць працу, нікога нельга знайсці ў вайсковых частках, апрача аховы, якая паходзіць не з войска».

П як Палікот

Словы ліберала Януша Палікота хутка становяцца афарызмамі. Тры гады з вуснаў моладзі не сходзіць ягонае спрэчнае выказванне пра марыхуану, а таксама пра польскую ды беларускую сістэмы юстыцыі.

«Калі ў Польшчы за адну зацяжку можна трапіць у турму, то Беларусь у параўнанні з гэтым – аазіс свабоды», – заявіў Палікот Польскаму радыё.

Хоць раней Палікот разважаў пра Беларусь даволі сур’ёзна і з веданнем фактаў, адзначаючы патрэбу жыхароў краіны ў альтэрнатыўных крыніцах інфармацыі. Гэта фрагмент ягонай прамовы з 2010 года:

«Вельмі важны закон пра малы памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю, бо гэта дазволіць чарговым сотням людзей мець доступ да інфармацыі. І толькі гэта ў спалучэнні з нейкай міжнароднай гульнёй можа прывесці да ўзнікнення такой грамадскай сумесі, якія ў канчатковым выніку ліквідуе Лукашэнку», – тлумачыў Палікот на радыё «ТОК FM».

Т як Танайна

Павел Танайна, кандыдат ад заснаванай у 2012 годзе партыі «Непасрэдная Дэмакратыя», пра беларускае пытанне выказаўся толькі ўскосна. Журналіст польскага эміграцыйнага выдання запытаў у Танайны:

«У Літве, Латвіі, Чэхіі, Беларусі ды Украіне жыве шмат карэнных палякаў, якіх прынята называць «крэсавякамі». (…) Як вы ставіцеся да гэтага пытання, ці можна разлічваць на большае падтрыманне тых некалькіх мільёнаў палякаў?»

Кандыдат адказаў: «Гэта тыповая прэрагатыва ўраду, а не прэзідэнта. Прэзідэнт, вядома, можа прыкладаць намаганні і падтрымліваць. Мой бацька быў «крэсавякам», і я асабіста ўсім сэрцам падтрымліваю палякаў, якія жывуць за ўсходняй мяжой Польшчы».

Я як Ярубас

Як сапраўдны апазіцыянер павёў сябе прадстаўнік Польскай сялянскай партыі, якая ўтварае на дадзены момант разам з «Грамадзянскай платформай» кіроўную кааліцыю.

Адам Ярубас прывёў польска-беларускія адносіны ў якасці прыкладу няўдалай палітыкі цяперашняга кіраўніцтва краіны, у склад якога ўваходзяць, аднак, і аднапартыйцы кандыдата.

«Украіна ўспрымае нас непрыязна, Беларусь і Расея – варожа. Краіны Вышэградскай групы падзяліліся. Нямеччына і Францыя адносяцца да нас паблажліва», – сказаў Ярубас у сярэдзіне лютага.

Меркаванні польскіх кандыдатаў у прэзідэнты пра Беларусь – самыя розныя, але сыходзяцца ў наступных пунктах: Беларусь – небяспечная краіна, бо мае моцную армію; ва ўсходняй суседкі няма дэмакратыі, затое ёсць дысцыпліна. Пры гэтым кандыдаты адзначаюць, што Беларусь і Польшча мала кантактуюць між сабою на адпаведным узроўні.

І вядома, з Беларуссю ў Польшчы асацыюецца перадусім Аляксандр Лукашэнка. Ягонае прозвішча ведаюць бадай усе кандыдаты ў польскія прэзідэнты. Зрэшты, няма чаго здзіўляцца, бо Лукашэнка «працаваў» дзеля гэтага цягам больш як 20 гадоў на ўсіх «выбарах і рэферэндумах».

А як польскую палітыку прадстаўляюць у Беларусі? Сёлетнюю прэзідэнцкую кампанію ў Польшчы гэтак паказала дзяржаўнае тэлебачанне. Глядзець можна ад хвіліны 19:58. Без каментарыяў.

Цэзары Галіньскі, МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары