Двум раварыстам «Крытычнай масы» можа пагражаць да 6 гадоў турмы


Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенкі могуць судзіць за хуліганства.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у менскай гарадской міліцыі на двух удзельнікаў роварнай акцыі «Крытычная маса», якая праходзіла ў Менску 29 красавіка і была спыненая міліцыяй, заведзеныя крымінальныя справы паводле 2 часткі 339 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Гэта артыкул пра аказанне супраціву супрацоўніку міліцыі, які спыняе хуліганства.

Раніцай 2 траўня ў менскай гарадской міліцыі інфармацыю пра завядзенне крымінальных спраў на Станіслава Канавалава і Дзьмітрыя Паліенку не пацвердзілі, але і не абверглі, падае «Радыё Свабода».

«Звесткі ёсць, але іх трэба яшчэ ўзгадніць», – сказаў кіраўнік прэсавай службы ГУУС Менску Аляксандар Ластоўскі.

Увечары 29 красавіка ў Менску міліцыя схапіла больш 10 раварыстаў «Крытычнай масы», якія сабраліся, каб заявіць пра свае правы. АМАПаўцы закінулі маладых людзей у аўтобус тварам у падлогу, збівалі ў жываты і па тварах. Большасць затрыманых адпусцілі, але Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенку пакінулі ў пастарунку.

30 красавіка ў кватэры раварыста Станіслава Канавалава адбыўся ператрус, у яго забралі цвёрды дыск кампутара. Тады ж стала вядома пра пагрозу завядзення на раварыста крымінальнай справы за хуліганства.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў