Двухметровы рыцарскі шалом і паламаны меч з каменю з’явіліся ў Горадні


У Горадні мастакі рыхтуюцца да дня гораду, які мае прайсці 16 ліпеня, звяртаючыся да гісторыі ВКЛ.

Вялікія каменныя скульптуры незаўважна для гарадзенцаў днямі з’явіліся ў Каложскім парку. Гэта амаль двухметровы рыцарскі шалом, паламаны меч ды іншыя варыяцыі на тэму Вялікага Княства Літоўскага.

Як патлумачыў скульптар Уладзімір Панцялееў, гэта толькі частка манументальных працаў, якія маюць з’явіцца ў парку напярэдадні дня гораду.

«Усё гэта плён мінулагодняга пленэру на тэму мінулага і сучаснасці Гарадзеншчыны, у ім узялі ўдзел збольшага менскія творцы: Ігар Засімовіч, Аляксей Сарокін, Кацярына Зантарыя і інш. Сама ж ідэя зрабіць у Каложскім парку сад каменных скульптураў належыць мне», – тлумачыць творца.

Калі будзе ўсталяваная апошняя скульптура і каля кожнай з’явіцца адпаведная таблічка – адбудзецца і афіцыйнае адкрыццё. Але ўжо зараз наведнікі парку могуць карыстацца з чарговай экспазіцыі, якая нагадвае пра веліч гісторыі нашага краю.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў