Двое забітых у амбасадзе Ізраілю. Новая хваля гвалту праз металадэтэктары на Храмавай гары


Дваіх грамадзянаў Іярданіі застрэлілі ў памяшканні амбасады Ізраілю ў Аммане, Іярданія. Забойства ўчыніў ахоўнік амбасады, грамадзянін Ізраілю, адзін з яго суайчыннікаў таксама быў цяжка паранены. Крызіс паміж ізраільскім і мусульманскім насельніцтвам абвастраецца, ААН сабралася на тэрміновую нараду бяспекі.

Амбасада Ізраілю ў Аммане знаходзіцца ў будынку жылога дому. Увечары ў нядзелю жыхар Іярданіі прыйшоў рэмантаваць мэблю ў памяшканні персаналу і быў застрэлены ізраільскім ахоўнікам. Уласнік памяшкання таксама атрымаў кулю і памер ад раненняў. Як сцвярджаюць ізраільскія ўлады, ахоўнік дзейнічаў дзеля самаабароны, бо іярданцы напалі на яго з нажом. Як паведамляе канал Al Jazeera са спасылкай на іярданскую паліцыю, «ахоўнік быў у нестабільным стане».

Будынак, дзе знаходзіцца ізраільская амбасада ў Аммаме, Іярданія

Ізраільская амбасада ўвечары ў нядзелю вырашыла эвакуяваць усіх супрацоўнікаў амбасады ў Іярданіі, але ахоўніка амбасады не выдаюць іярданскія ўлады. Мяркуецца, што сутыкненне адбылося праз новую хвалю напружанасці, што ўзнялася на мінулым тыдні.

Ізраільскія ўлады ўсталявалі металадэтэктары на ўваходзе да святога месца ў Іерусаліме, дзе знаходзяцца святыні абедзьвух рэлігій, і пашырылі меры бяспекі вакол Храмавай гары. Гэта выклікала масавыя пратэсты мусульманаў, у сутыкненнях і пратэстах загінула некалькі чалавек. У пятніцу ў Іярданіі па вуліцах прайшлі масавыя пратэсты супраць гэтых захадаў.

Ізраільскія ўлады ўсталявалі металадэтэктары на ўваходзе на Храмавую гару ў Іерусаліме

У нядзелю раніцай, за некалькі гадзінаў да інцыдэнту ў ізраільскай амбасадзе, улады Іярданіі запатрабавалі склікаць тэрміновую сустрэчу міністраў замежных спраў арабскага свету, каб абмеркаваць дзеянні Ізраілю.

Былая міністарка замежных справаў, Цыпі Ліўні сказала ў панядзелак Associated Press, што Ізраіль знаходзіцца на мяжы рэлігійнай вайны з мусульманскім светам.

Сёння раніцай была скліканая тэрміновая сустрэча Савета бяспекі ААН у сувязі з гэтай новай хваляй гвалту і забойстваў паміж хрысціянамі і мусульманамі. Генеральны сакратар Лігі арабскіх дзяржаваў, Ахмэд Абуль-Гэйт абвінаваціў Ізраіль у аванцюрызме і «гульнях з полымем». На яго думку, ізраільскія ўлады імкнуцца развязаць «вялікі крызіс у арабскім свеце».

Папа Рымскі Францыск таксама выказаўся, прызваўшы да дыялогу: «З вялікай занепакоенасцю я сачу за павышэннем напружання» – сказаў ён.

Тэрыторыя Старога месца і Храмавай гары ў Іерусаліме на працягу пяці дзесяцігоддзяў стаіць у цэнтры канфлікту паміж Ізраілем і Палесцінай. Месца зʼяўляецца святым для габрэяў і мусульманаў, знаходзіцца на тэрыторыі Ізраілю, але мае статус-кво і дазвол на свабодны доступ для мусульманаў. Афіцыйным захавальнікам мусульманскіх святыняў у Іерусаліме выступае Іярданія.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў