Двое на аднаго. Чаму Назарбаеў з Пуціным супраць Лукашэнкі?


Аляксандр Лукашэнка вярнуўся ў мінулыя выходныя з Сочы ў Менск з пустымі рукамі. А Уладзімір Пуцін катаўся на лыжах з Нурсултанам Назарбаевым у Казахстане.

У нафтагазавы канфлікт паміж Менскам і Масквою, які цягнецца ўжо больш за год, улучыўся прэзідэнт Казахстану. Казахскі мільярдэр Мухтар Аблязаў, які жыве ў выгнанні, мяркуе, што Назарбаеў выконвае просьбу Пуціна, які не спяшаецца шукаць кампрамісу з Лукашэнкам.

Ці саступіць Менск Маскве?

Ні Аляксандр Лукашэнка ў Сочы, ні Уладзімір Макей у Маскве не зрушылі беларуска-расейскага крызісу з месца. Сяргей Лаўроў пасля спаткання з беларускім калегам нават не стрымаўся ад заявы пра напружанасць.

Беларускія аналітыкі мяркуюць, што паездка Макея ў Расею не прынесла ніякіх канкрэтных вынікаў з адной простай прычыны.

«Цяпер у беларуска-расейскіх дачыненнях склалася такая сітуацыя, калі без асабістае сустрэчы двух кіраўнікоў дзяржаваў практычна немагчыма развязаць той комплекс пытанняў, які ёсць», – кажа Дзяніс Мельянцоў з Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Сустрэчы з Пуціным Лукашэнка чакаў некалькі дзён у Сочы, куды паехаў у панядзелак. Кіраўнік Беларусі наведвае гэты расейскі курорт ужо сёмы год запар.

Сёлета прыём Лукашэнкі ў Сочы ўжо не быў такі цёплы, як у мінулыя гады. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што сустрэчы з кіраўніком Беларусі ў планах Пуціна на гэты тыдзень няма. А ў лютым расейскі прэзідэнт знайшоў час для прэзідэнта Вугоршчыны, Славаччыны і нават кіраўніка Уругваю.

«Некалькі разоў Пуцін датрымліваўся такой стратэгіі, калі ён чакаў некалькі месяцаў, пакуль беларуская сітуацыя ды асабіста Лукашэнка саспеюць, каб праціснуць расейскую пазіцыю ў беларуска-расейскіх стасунках. Нешта тады было ў 2010 годзе, калі беларускі бок урэшце падпісаў Мытны саюз», – заўважае Дзяніс Мельянцоў.

Але Пуцін мае і іншую стратэгію. Таксама, як і тады, у канфлікт паміж Менскам ды Масквой улучылася Астана.

Да Лукашэнкі ў Сочы патэлефанаваў прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які выказаў «заклапочанасць праблемнымі пытаннямі ў дачыненнях паміж Беларуссю і Расеяй». Казахскі кіраўнік супакойваў Лукашэнку, што ўсе праблемы будуць развязаныя.

Цікава, што пасля апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, якая адбылася 22 лістапада ў Маскве, ужо 25 лістапада адбылася тэлефонная размова Пуціна з Назарбаевым.

Казахскі мільярдэр і апазіцыйны дзеяч Мухтар Аблязаў, які цяпер у выгнанні ў Францыі, мяркуе, што тэлефонны званок Назарбаева не выпадковы.

«У гэтым выпадку Назарбаеў марыянетка Пуціна. Казахстан і Беларусь – у адзіным Мытным саюзе. У гэтым выпадку калега з Мытнага саюзу выконвае дэкаратыўную функцыю нібыта згладжвання канфлікту. Маўляў, «бацька крыху перагнуў, і Валодзя не меў рацыі, давайце ўрэгулюем», – адзначае Мухтар Аблязаў.

Летась Нурсултан Назарбаеў сустракаўся з расейскім прэзідэнтам шэсць разоў, чатыры сустрэчы адбыліся на тэрыторыі Расеі.

«Больш за 85 % экспарту нафты праходзіць праз тэрыторыю Расеі. Умоўна кажучы, калі б сапсаваліся палітычныя стасункі, кожная перашкода экспарту нафты істотна паўплывала б на гаспадарку краіны», – працягвае Мухтар Аблязаў.

Лукашэнка ж у Расею ездзіў усяго двойчы, яшчэ два разы сустракаўся з Пуціным на сваёй тэрыторыі.

У той жа час апошняя канферэнцыя кіраўніка Беларусі ў Менску сведчыць, што ён саступаць пакуль не збіраецца.

Але, акрамя канфлікту з Масквою, на галаву Лукашэнкі звалілася і іншая праблема. На мінулым тыдні ў Менску і абласных гарадах Беларусі некалькі тысячаў людзей пратэставала супраць гэтак званага падатку на дармаедаў.

«У мяне пенсія – два мільёны. Я 25 гадоў прапрацавала ў садку выхавальніцаю. Паўтара мільёна я плачу за камунальныя паслугі, а ў яго морда – во, ужо не лезе ў абʼектыў», – такія абурэнні выказвала ўдзельніца пратэсту з Гомлю.

Апазіцыя паставіла ўльтыматум: альбо ўлады адменяць ганебны падатак, альбо 25 сакавіка падчас маршу з нагоды Дня Волі пратэстоўцы будуць дамагацца адстаўкі Лукашэнкі. Але лідары апазіцыі мусяць лічыцца з тым, што ў варунках канфрантацыі паміж Менскам і Масквою пратэставыя настроі ў Беларусі можа выкарыстаць Масква.

Такога меркавання прытрымліваецца палітолаг Андрэй Ягораў:

«Расея, яе роля, можа быць, калі гэтая сацыяльная напружанасць выйдзе на ўзровень, небяспечны для беларускае стабільнасці і ўладаў Беларусі. Вось тады можна апасацца таго, што Расея можа нейкім чынам падагрэць гэта яшчэ больш, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне».

Незалежна ад таго, будуць правакацыі ці не, узрастанне пратэставых настрояў паставіла б Лукашэнку ў патавай сітуацыі. Традыцыйны брутальны разгон апазіцыі перарваў бы ўсе кантакты з Захадам. Каб адмяніць ці нават змяніць скандальны дэкрэт № 3, улады маюць яшчэ месяц. Магчыма, да таго часу развяжацца канфлікт з Масквою, магчыма, чарговы раз з удзелам прэзідэнта Назарбаева.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

Руслан Шошын, belsat.eu

Стужка навінаў