Два дні без візавых цэнтраў: Нацбанк уводзіць новыя правілы, а людзі церпяць


Наколькі ўскладніцца працэс атрымання візаў пасля таго, як Нацбанк забараніў візавым цэнтрам прымаць консульскі збор у валюце.

Па візу – толькі ў амбасаду: візавыя цэнтры па ўсей краіне прыпынілі сваю дзейнасць. Прычына – новыя правілы Нацыянальнага банку, якія забараняюць браць консульскі збор у замежнай валюце.

Да гэтага цэнтры бралі плату за консульскі збор у валюце, а за свае паслугі – у рублях. Цяпер турыстычным арганізацыям прыйдзецца хутка адаптавацца да новых умоваў.

«У Беларусі змена курсу рубля ўводзіць нестабільнасць і вядзе да нявызначанасці ў прыняцці рашэнняў як у грамадзянаў, так і ў турарганізацый», – кажа дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстр.

Сёння ў цэнтрах пашпарты не прымалі, а толькі выдавалі тым, хто паспеў заплаціць консульскі збор да новаўвядзення.

«Нас запрасілі на ўрачыстасць, незразумела, паспеем мы падаць дакументы ці не, каб нам паспелі адкрыць візу», – распавядае дзяўчына пра складанасці, з якімі сутыкнулася праз новаўвядзенні Нацбанку.

У сувязі з закрыццём візавых цэнтраў у амбасадзе Літвы ў Менску часова павялічылі магчымасці па прыёме дакументаў. Калі раней яны штодня прымалі больш за 100 хадайніцтваў у дзень, то цяпер – каля 300.

«У кантэксце працы па ўмацаванні беларускага рубля і дэдаларызацыі ў палітыцы Нацбанку мы з разуменнем ставімся да гэтага, але яны не ўлічваюць спецыфікі турызму«, – заўважае Валянцін Цэхмейстр.

Выдаткі для спажыўцоў і турыстычных арганізацый звязаныя з курсавой розніцай, а так як рубель часта вагаецца, цяпер турыст не можа меркаваць, як дорага для яго будзе каштаваць чарговае адкрыццё візы.

Пасля двухдзённага перапынку шэраг цэнтраў заяўляе, што заўтра яны адновяць працу, аплату будуць прымаць у беларускіх рублях паводле абменнага курсу. У Нацыянальным банку пракаментавалі, што ніякіх абмежаванняў у куплі валюты для гэтых установаў не будзе.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў