«Душы мёртвыя» заваявалі залатую бульбу

video

«Душы мёртвыя» – 28-міхвілінная мастацкая стужка рэжысёра Віктара Красоўскага – пераможца шостага фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie» у намінацыі «Мастацкае кіно».

«Грошай няма, але ўжо заканчваецца праца над новым рэжысёрскім сцэнарыем, выбрана лакацыя. А ідэй – процьма», – кажа пераможца фестывалю.

Красоўскі атрымаў «Залатую бульбіну». Ягоная карціна знятая адным планам. Камера неадрыўна назірае эпізод з жыцця беларускага прадпрыемства, дзе працуюць людзі з інваліднасцю.

«Мастацкая складанасць работы Красоўскага дазваляе параўнаць яе з фільмам »Каўчэг« Сакурава. А паводле таго, як іграюць акцёры, фільм можна параўнаць са стужкамі Аляксея Германа-старэйшага», – тлумачыць сябра журы Лідзія Міхеева.

Што цікава, летась Красоўскі таксама заваяваў на «Bulbamovie» першае месца. У катэгорыі «Анімацыя» перамагла стужка «Дзеці будучага спяць» Івана Гапіенкі.

Кінафорум «Bulbamovie» заснавалі ў 2011-ым годзе з удзелам тэлеканалу «Белсат» як альтэрнатыву дзяржаўным фестывалям. Спачатку конкурс ладзілі ў Варшаве. У 2015-ым годзе перанёсся ў Менск.

«Адметная рыса сёлетняга фестывалю – цудоўная конкурсная праграма з 24 новых стужак беларускіх аўтараў. Гэта яскрава пацвярджае, што чуткі пра смерць беларускага кіно занадта перабольшаныя», – распавядае праграмны дырэктар кінафестывалю Максім Жбанкоў.

Сёлетні фестываль «Bulbamovie» суправаджаўся скандалам. Рэспубліканская экспертная камісія ў пытаннях перадухілення прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці забараніла паказ стужкі Валерыі Целяшэўскай «Яечня па-беларуску».

Але гледачы маюць магчымасць убачыць гэты і іншыя фільмы ў інтэрнэце. І ня толькі. Прагляд карцінаў «Bulbamovie» адбыўся гэтым вечарам у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. А заўтра паказы стужак пераможцаў запланаваныя ў АртКінатэатры, гандлёвым цэнтры «Тытан» у сталіцы, а таксама ў Варшаве, адкуль пачынаўся фестываль.

Максім Кот, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары